Строительство церкви в Песках-2 длилось десять лет

30 кастрычніка рух ля царквы ў вёсцы Пескі-2 пачаўся яшчэ зацемна. Вяскоўцы дружна аздаблялі храм да важнай падзеі – асвячэння. “Мы чакалі гэтага вельмі доўга”, — радасна заўважылі прыхаджане, акуратна ўкладваючы хрызантэмкі на дывановыя дарожкі перад будынкам.
Будаўніцтва царквы на ўшанаванне іконы Божай Маці “Збавіцельніца” ў Песках-2 доўжылася дзесяць гадоў. Як заўважыў протаіерэй Аляксандр Кандрацюк, рашэнне аб стварэнні тут храма выспела ў працэсе жыцця. І сама вёска Пескі-2, і яе “суседзі” адносіліся да Чаравачыцкага прыхода, дарога да якога не толькі была няблізкай, але і ўтрымлівала перашкоду ў выглядзе ракі. “Раней пераправай цераз раку служыў мост. У часы вайны немцы яго падарвалі. Пазней тут пабудавалі паром, утрыманне якога з часам прызналі немэтазгодным”, — паглыбіўся ў гісторыю настаяцель храма. Так жыхары вёсак Пескі, Перкі, Сухоўчыцы, Ушкавіца засталіся без Божага слова.
За работу ўзяліся ўсе разам. Сродкі збіралі не толькі ў сваім прыходзе, але і ў іншых. Людзі актыўна адклікаліся на прапанову, і ў 2005 годзе быў зраблены заклад царквы. Каб надаць справе большай хуткасці, побач з будаўнічай пляцоўкай, у вагончыку, пачалі праводзіцца літургіі.
Наўрад ці можна перадаць словамі тое адчуванне, якое ахапіла мяне, ледзь толькі пераступіла парог храма. Дзіўны свет лагодна песціў вочы, погляд падоўгу затрымліваўся на абрамленых у “залатыя” рамкі іконах. Цёплыя каляровыя тоны памяшканняў, царкоўныя рэчы, выкананыя ў сучасным стылі, надавалі храму велічнасці.
З божым благаславеннем удыхнуў жыццё ў цагляны будынак епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У саслужэнні дванаццаці свяшчэннікаў, у тым ліку і благачыннага цэркваў Кобрынскай акругі протаіерэя Багдана Хамы, Уладыка правёў чын асвячэння. Да працэсу абнаўлення храма далучыліся ў малітве  і шматлікія прыхаджане.
Пасля здзяйснення рытуалу асвячэння пачалася Боская літургія. Завяршылася мерапрыемства хрэсным ходам, а таксама ўсеагульным малебнам.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *