Виктор НИЧИПОРУК: “Наши выпускники всегда были конкурентоспособными на рынке труда”

75-годдзе стварэння дзяржаўнай сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі адзначылі ў ліцэі сферы абслугоўвання. Знакавую падзею з супрацоўнікамі ўстановы падзялілі намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Ірына Балановіч, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Віктар Казак.
“Прафесіянальна-тэхнічная адукацыя была і будзе, таму што на  працоўныя кадры ў любыя часы ёсць попыт”, — заўважыў у пачатку віншавальнай прамовы дырэктар ліцэя Віктар Нічыпарук.
Яго ўласны ўклад у развіццё сістэмы прафтэхадукацыі вымяраецца 35-цю гадамі работы ў дадзенай сферы і пацвярджаецца шматлікімі ўзнагародамі. Сёлета Віктар Сцяпанавіч быў удастоены нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.
Амаль столькі ж гадоў дзейнічае і ўстанова. За 34 гады тут падрыхтавалі 6396 рабочых. “Нашы выпускнікі заўсёды былі канкурэнтаздольнымі на рынку працы”, — заўважыў Віктар Сцяпанавіч і расказаў, якім чынам вядзецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Лепшай характарыстыкай з’яўляецца лідзіруючая пазіцыя ліцэя ў конкурсе на лепшую ўстанову прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны, дзе ў апошнія пяць гадоў ліцэй займае толькі прызавыя месцы. Летась у вышэйадзначаным спаборніцтве, вынікі якога падводзяцца згодна са шматлікімі маніторынгамі работы, Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны  ліцэй сферы абслугоўвання сярод 27 устаноў заняў другое месца. На важнай ролі прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі ў грамадстве засяродзіла ўвагу і Ірына Балановіч. Яна адзначыла, што ў ліцэі сферы абслугоўвання не толькі рыхтуюцца добрыя кадры, але і выхоўваюцца годныя людзі, і падзякавала педагогам за працу.
Актыўную грамадскую пазіцыю ліцэістаў і педагогаў засведчыў і Віктар Казак, калі заўважыў, што іх “пярвічка” – адна з самых актыўных.
Словы падзякі гучалі ў адрас ветэранаў, якія стаялі ля вытокаў стварэння ўстановы. Выступленне былога дырэктара ліцэя Марыі Клачковіч стала своеасаблівым экскурсам у яго гісторыю. Яна акрэсліла шлях установы ад Кобрынскага тэхнічнага вучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў да сучаснага статусу.
Нягледзячы на імклівую плынь часу і няўмольнасць яго патрабаванняў да сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі ва ўстанове захаваліся добрыя традыцыі, звязаныя, у першую чаргу, з раскрыццём асобы кожнага выхаванца. Можа, таму 24 выпускнікі вярнуліся сюды ў якасці работнікаў.
У межах мерапрыемства лепшыя з іх былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *