“С годами стала даже думать в рифму”

Для Валянціны Пігас выхад на заслужаны адпачынак стаў новай кропкай адліку ў фарміраванні яе як асобы. Так ужо здарылася, што ў сталым узросце жанчына адкрыла ў сабе адразу два таленты – паэтэсы і вышывальшчыцы.
“Пісаць вершы ў мяне атрымлівалася яшчэ ў дзяцінстве, але сур’ёзна да гэтага я не ставілася”, — паглыбілася ва ўспаміны субяседніца. Неспазнаныя здольнасці ў школе прымяняла для напісання сяброўскіх шаржаў, сачыненняў, віншаванняў.
Адмаўляць паэтычны дар перастала ўжо на пенсіі, калі выспелі яе думкі-развагі, а на паперу паплылі трапныя дзіўныя радкі. Жанчына заўважыла, што з гадамі стала нават думаць у рыфму. Пра свае творы адзначыла: нібы хто за руку вадзіў пры напісанні. Сваякі ўгаворвалі Валянціну паказаць вершы спецыялістам, а яна не згаджалася, саромелася. Тады сястра Алена без ведама даслала яе паэтычныя творы ў “Драгічынскі веснік”, дзе іх і апублікавалі. “Для мяне як для паэта гэта стала моцным штуршком да дзейнасці”, — прызналася жанчына. Свае вершы давярала паперы, адзін сшытак змяняўся на другі, трэці… Пісала аб родным краі, яго харастве, аб узаемаадносінах людзей і ўласных перажываннях. У апошні час Валянціна Пігас аддае перавагу напісанню твораў па-беларуску, каб захапіць унукаў роднай мовай.
І калі паэтычны дар даваў Валянціне Васільеўне пэўныя папераджальныя званочкі, вышывальшчыца ў ёй прачнулася зусім нечакана.
— Неяк убачыла, як вышывае нявестка маёй суседкі. Прыгледзелася да працэсу і захапілася, — адзначыла  субяседніца.
Аддала перавагу вышыўцы крыжыкам. Праўда, крыху па змененай тэхналогіі. Замест нітак мулінэ Валянціна Васільеўна выкарыстоўвае звычайныя ніткі для шыцця. Складае іх у чатыры разы і прасоўвае ў іголку, атрымаўшы такім чынам тоўстую нітку з васьмі тонкіх. Вышыўка гэткім спосабам напамінае габелены. Для карцін бярэ спецыяльныя схемы, а вось каляровае рашэнне прыдумвае сама. Уласнымі вырабамі жанчына не толькі аздобіла сваю кватэру, але і парадавала блізкіх. Самай значнай работай з’яўляецца дама з парасонам. Менавіта на ёй у свой час Валянціна Пігас праводзіла майстар-клас для медыцынскіх работнікаў у абласной бальніцы, калі знаходзілася там на лячэнні. “Мае выпадковыя вучні вышываюць і зараз”, — усміхнулася субяседніца.
Хатнія клопаты адбіраюць нямала часу. Правільна арганізаваць яго дапамагае фармацэўтычная дакладнасць, якой як спецыяліст усё жыццё прытрымлівалася гераіня. Таму хапае яе запалу і на любімыя справы, і на блізкіх людзей.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *