У кантэксце гістарычных перамен

З цягам часу мы нярэдка пачынаем па-іншаму глядзець на гістарычныя падзеі мінулага. Мабыць, асоба Аляксандра Васільевіча Суворава —  той выпадак, калі на працягу параўнаўча невялікага часу стаўленне  да ролі аднаго і таго ж чалавека мянялася цалкам і поўнасцю… Менавіта асобе вялікага палкаводца і следу, які ён пакінуў у гісторыі, была прысвечана канферэнцыя «Аляксандр Васільевіч Сувораў — погляд праз стагоддзі», прысвечаная 280-годдзю з дня нараджэння генералісімуса, якая адбылася нядаўна ў Палацы культуры.

Сярод ганаровых гасцей былі першы міністр абароны Рэспублікі Беларусь, старшыня міжнароднай асацыяцыі «Кадэцкае брацтва» генерал-палкоўнік Пётр Чаус, а таксама старшыня каардынацыйнага савета кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў Іван Корда. Адкрываючы мерапрыемства, ён адзначыў, што канферэнцыя — гэта добрая магчымасць яшчэ раз дакрануцца да нашай вялікай гісторыі. Абагульненне і асэнсаванне яе падзей — карысны матэрыял для таго, каб агульнымі намаганнямі будаваць будучыню. Як падкрэсліла, вітаючы гасцей, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Кобрынскага райвыканкама Галіна Бурдыка, імя Суворава — гэта сапраўдны сімвал Кобрыншчыны, вядомы не толькі на тэрыторыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, але і за мяжой.

Сярод тых, хто прадставіў свае даклады на канферэнцыі, былі дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава Алена Бабенка, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін, палітолаг Мікалай Сяргееў, пісьменнік Вячаслаў Бандарэнка, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў  БДУ імя А.С. Пушкіна Людміла Нікіценкава, старшы афіцэр галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макараў  і іншыя. Разам з дарослымі дакладчыкамі выступалі і студэнты, а таксама навучэнцы Сувораўскага ваеннага вучылішча.

Адзін за адным усплывалі раней невядомыя гістарычныя факты, абмяркоўваліся самыя розныя пытанні — ад ролі Суворава непасрэдна ў гісторыі Беларусі да асаблівасцяў асобы генералісімуса ў кантэксце рускай ваеннай стратэгіі  XVIII стагоддзя. Асаблівую зацікаўленасць выклікаў даклад  пра подзвіг сучасніка Суворава Сцяпана Новікава, які прадставіў на суд гасцей Вячаслаў Бандарэнка — дарэчы, менавіта ён падараваў Кобрынскаму музею і верш уласнага сачынення, які прысвяціў асобе Суворава. Вялікая ўвага належала і абмеркаванню  ролі Суворава ў кантэксце гістарычных перамен, якой прысвячалі свае даследаванні многія дакладчыкі.

Трэба адзначыць, што канферэнцыя прайшла ў сапраўднай рабочай абстаноўцы, у атмасферы ўзаемаразумення. Не абышлося і без урачыстага моманту — генерал-палкоўнік Пётр Чаус уручыў  калектыву  Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава Ганаровую грамату і медаль «За вернасць кадэцкаму брацтву»,  а яго дырэктару Алене Бабенка — ордэн  Чырвонага Кадэцкага Крыжа другой ступені.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *