Этой осенью у кобринчан была возможность получить мастер-класс по резьбе от Владимира Чиквина

Гэтай восенню ў некаторых кабрынчан была магчымасць атрымаць майстар-клас па разьбярстве ад народнага майстра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Чыквіна.
На сустрэчу з мэтрам драўлянай справы, якая пачалася ў памяшканні галерэі “Дэвайціс”, прыйшлі навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, мясцовыя мастакі і проста аматары выяўленчага мастацтва. На выстаўцы, арганізаванай там жа, прысутныя маглі пазнаёміцца з сувенірамі з нацыянальным беларускім каларытам, якія зроблены таленавітымі рукамі майстра, і пачуць яго невялічкі аповед пра сябе. “Зрабіць традыцыйныя старадаўнія рэчы з сучасным акцэнтам — задача не з лёгкіх, — прызнаецца разьбяр, — але ў мяне атрымліваецца”. Глядзіш на драўляныя вырабы Чыквіна, і напрошваецца выснова, што іх аўтар — чалавек незвычайны, які не толькі ўмее працаваць з дрэвам, але і, здаецца, разумее яго.
Галоўная дзея мерапрыемства адбылася на вуліцы Суворава пад адкрытым небам. Уладзімір Чыквін расклаў побач з сабой бярозавыя загатоўкі і неабходныя для працы з дрэвам прылады: рамесныя сякеры ды ножыкі. І пачалося знаёмства з хітрасцямі разьбярскай справы.
Спачатку майстар расказаў пра правілы бяспекі: як трэба трымаць нож і брусок, як і дзе павінны размяшчацца рукі, якія рухі можна рабіць. А потым паказваў, што ўмее сам, суправаджаючы работу цікавым аповедам пра творчыя падарожжы і прыгоды. І вось літаральна праз некалькі хвілін у спрытных руках разьбяра кавалак звычайнай бярозы ператварыўся ў сапраўдны агрызак яблыка. Яшчэ колькі часу — і другім бруском можна нават есці, бо ён стаў лыжкай.
Але назіранне — гэта адно, а паспрабаваць нож і дрэва ў рабоце самому — справа іншая. У майстра з 40-гадовым стажам усё атрымліваецца хутка і хораша, а яго “вучні” аказаліся не такімі спрытнымі. Тым не менш і яны зведалі асалоду разьбярства на ўласныя рукі. І, магчыма, для кагосьці гэта стала першым крокам у дзівосны свет драўлянага царства, якое “захапіўшы ў палон” разьбярскага мастацтва, не адпускае сваю “ахвяру” і робіць з яе сапраўднага творцу.
Наталля КАНДРАШУК.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Чыквін вучыць рабіць лыжкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *