Надежда Смехович уже 37 лет не представляет своей жизни без стен Дивинского детского сада

Намеснік загадчыцы Дзівінскага дзіцячага садка Надзея Смяховіч ужо 37 гадоў не ўяўляе свайго жыцця без дзіцячага гоману, невыразнага лепету дзетак з ясельнай групы, ды проста без сцен садка.
— Я з дзяцінства марыла быць настаўніцай, — дзеліцца сваімі ўспамінамі Надзея Васільеўна, — усё лялек “вучыла”. У старэйшых класах захапілася замежнымі мовамі. Але старэйшая сястра адгаварыла ад паступлення ў педагагічную ВНУ.
Пасля заканчэння школы наша гераіня адправілася ў Брэст, пахадзіла па вучылішчах ды тэхнікумах – на сэрца нічога так і не лягло. Прыехала ні з чым, а каб год не прапаў дарэмна, пайшла працаваць у дзіцячы садок.
— Тады катастрафічна не хапала выхавальнікаў, спачатку была нянечкай, пасля паставілі на ясельную групу, — расказвае Надзея Васільеўна. — Мне вельмі падабалася з маленькімі дзецьмі. Так і зразумела – гэта мая справа. Паступіла ў Пінск на паскораны аднагадовы курс выхавальніка, пасля – у Брэсцкі педагагічны інстытут.
Да 2000 года Надзея Смяховіч працавала выхавальнікам. Больш за ўсё ёй падабалася ў ясельных групах.
— Такім дзеткам цяжка выгаварыць імёны выхавальнікаў, як жа яны спраўляюцца? – пытаюся з усмешкай.
— Ой, бывае па-рознаму. Хто цёцяй кліча, а хто і мамай называе, — адказвае мая субяседніца.
Зараз Надзея Васільеўна займаецца метадычнай работай – наведвае заняткі, праводзіць семінары і педсаветы.
— Я раблю гэта  не для таго, каб знайсці нейкія недахопы, а хутчэй, каб дапамагчы, падказаць, тым больш, што калектыў у нас малады, — адзначае яна.
Кожную раніцу, калі малышы ідуць на зарадку, кожны абавязкова загляне ў кабінет да Надзеі Васільеўны і павітаецца, а сама яна часта замяняе калег, асабліва любіць гэта рабіць у ясельках.
На жаль, колькасць дзетак зніжаецца, у пяці групах цяпер налічваецца 91 чалавек, а трыццаць гадоў таму было 170.
— Я вельмі люблю сваю работу, — гаворыць мая субяседніца. — З дзеткамі працаваць лёгка і цікава, ды і калектыў у нас добры – у ім няма “выпадковых” людзей.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Надзея Смяховіч у ясельнай групе.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *