Інтэрнэт-акно ў свет


У мінулую сераду ў будынку аддзялення паштовай сувязі в. Дзівін распачаў сваю работу першы ў Брэсцкай вобласці і дзявяты ў краіне сельскі цэнтр грамадскага доступу (ЦГД) да сеткі інтэрнэт.

Трэба адзначыць, што Дзівіну вельмі пашанцавала, паколькі на права адкрыцця цэнтра грамадскага доступу прэтэндавалі дзесяць населеных пунктаў Брэстчыны. У інтэрв’ю прадстаўнікам мас-медыя начальнік аддзела прасоўвання паслуг Руслан Шавялінскі паведаміў, што праект стварэння ЦГД у Беларусі з’яўляецца пілотным. Ён распрацаваны па ініцыятыве Міжнароднага саюза электрасувязі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і РУП “Белтэлекам”.

— Галоўная  мэта – забяспечыць магчымасць карыстацца  якаснымі сучаснымі камунікацыйнымі тэхналогіямі максімальную колькасць вяскоўцаў, – заявіў Руслан Казіміравіч. — Для рэалізацыі праекта Міжнародным саюзам электрасувязі былі выдзелены адпаведныя фінансавыя сродкі ў памеры 70000 швейцарскіх франкаў. Без перабольшання, кожнаму наведвальніку будзе прыемна прыйсці ў гэтую ўстанову і выканаць неабходную работу ці проста адпачыць. Аддзяленне сувязі і сам ЦГД адпавядаюць усім прынятым еўрапейскім стандартам. Выкананы рамонт, устаноўлена належнае асвятленне. Цэнтр грамадскага доступу аснашчаны самым сучасным камп’ютарным абсталяваннем з вэб-камерамі і разлічаны на чатыры рабочыя месцы,  адно з якіх – для аператара сувязі.

Дарэчы, хуткасць інтэрнэту ў сельскім цэнтры грамадскага доступу прыемна здзіўляе – 1 Мбіт за секунду, і гэты параметр  вышэй, чым нават у пунктах калектыўнага карыстання ў Брэсце!  Такім чынам, кліенты могуць не толькі з камфортам забіраць вялікія файлы з глабальнай сеткі, але і  абменьвацца відэа- і аўдыёпаведамленнямі з абанентамі з любой кропкі свету пры дапамозе  вэб-камеры. Таксама ў ЦГД ёсць магчымасць надрукаваць дакументы на паперы, захаваць даныя на любых лічбавых носьбітах, навучыцца карыстанню персанальным камп’ютарам і інтэрнэтам.  У тым выпадку, калі  ЦГД на сяле сябе апраўдаюць і наведвальнікаў будзе шмат, то мяркуецца павялічваць і колькасць рабочых месцаў.

Паводле інфармацыі намесніка начальніка Кобрынскага РВЭС  Алега Яжова, у Дзівіне ў параўнанні з іншымі вёскамі раёна вялікая аўдыторыя карыстальнікаў глабальнай павуціны, а таксама гледачоў лічбавага інтэрнэт-тэлебачання. Тут разгорнута самая сучасная валаконна-аптычная лінія сувязі, устаноўлены вузел перадачы даных, якія дазваляюць прадастаўляць поўны і якасны пакет паслуг ад РУП “Белтэлекам”. Аналагічныя вузлы перадачы даных працуюць  таксама ў вв. Оса і Павіцце. Завяршаецца мантаж і настройка такога абсталявання на тэрыторыі ААТ “Днепра-Бугскі”.

І вось наступіў урачысты момант, калі  Руслан Шавялінскі, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Віктар Гямбаля і Алег Яжоў пад гучныя апладысменты прысутных перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Адразу ж да камп’ютараў падышлі хлопцы і дзяўчаты, дарослыя. Некаторыя ўпершыню адчулі захапляючую магію інтэрнэту.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКАХ (злева направа): Руслан Шавялінскі, Віктар Гямбаля і Алег Яжоў у час цырымоніі адкрыцця; спецыялісты па маркетынгу Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” і Кобрынскага РВЭС Аксана Кулай, Галіна Лукашук, аператар сувязі Марына Паўлоўская і начальнік участка продажу і паслуг Ірына Путрык; першыя наведвальнікі Дзівінскага ЦГД.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *