В Кобрине открылась аптека

Здароўе – самая галоўная рэч у нашым жыцці. Таму пытанні, звязаныя з гэтай сферай, заўсёды з’яўляюцца актуальнымі. Менавіта гэтак адбылося з аптэкай № 221 Брэсцкага РУП “Фармацыя”, якая размяшчалася ў будынку клуба “КІЗ “СІТОМА”. У свой час дзейнасць гэтай аптэкі была часова прыпынена ў сувяззю з немагчымасцю забяспечваць  патрэбныя ўмовы захавання лекаў і іншых тавараў, а таксама ўмовы працы людзей. Нядаўна, у адпаведнасці са шматлікімі пажаданнямі кабрынчан, аптэка зноў адчыніла свае дзверы па новым адрасе – у доме № 98 па вуліцы Пралетарскай, на самым павароце да чыгуначнага вакзала.
— Зразумела, перш за ўсё хацелася б пажадаць мясцовым жыхарам менш хварэць, — адзначыў у час урачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. — Ну а калі прычына схадзіць за лекамі ўсё ж такі з’явіцца, то новая аптэка літаральна побач з домам стане добрым крокам насустрач патрэбам грамадзян.
У абноўленай аптэцы першых пакупнікоў сустрэлі ўтульная абстаноўка і ўважлівыя спецыялісты. Сёння тут значна пашыраны асартымент лекавых траў і іншых тавараў. Шырока прадстаўлены вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, сродкі для догляду хворых, прадукцыя для маці і дзіцяці, для цяжарных жанчын і многае іншае. Для павышэння якасці і аператыўнасці абслугоўвання рабочае месца фармацэўтычнага работніка абсталявана высокатэхналагічнай камп’ютарнай тэхнікай. Як адзначыла загадчык Кобрынскай цэнтральнай раённай аптэкі № 168 Іна Байдук, у цесным супрацоўніцтве з Кобрынскім райвыканкамам было знойдзена памяшканне, якое адпавядала патрабаванням, праведзены ўсе неабходныя падрыхтоўчыя і рамонтныя работы. І вось 30 верасня бягучага года Брэсцкім РУП “Фармацыя” была атрымана ліцэнзія на права адкрыцця аптэкі па новым адрасе.
А на заканчэнне — яшчэ адзін невялічкі прыемны сюрпрыз. У мэтах павышэння даступнасці лекавай дапамогі асобам пенсіённага ўзросту (мужчынам пасля дасягнення 60-ці і жанчынам – 55-ці гадоў), шматдзетным сем’ям (якія маюць 3-х і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў) і дзецям да 3-х гадоў у аптэцы прадастаўляюцца скідкі ў памеры 5% на лекі, якія выпускаюцца айчыннымі вытворцамі. Так што новая аптэка чакае сваіх наведвальнікаў!
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *