Ракетамадэлісты завяршылі сезон

Днямі на Кобрыншчыне праводзіўся традыцыйны абласны турнір па ракетамадэльным спорце сярод гурткоў пазашкольнай работы, які праходзіў на месцы былога ваеннага аэрадрома. Да ўдзелу ў ім былі запрошаны каманды з Брэсцкага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, маладзёжнага шматпрофільнага цэнтра г. Ружаны і РЦТТН г. Кобрына на чале з Дзмітрыем Пакіньбарадой.

Надвор’е не надта радавала сваёй устойлівасцю. Дзьмуў восеньскі вецер, часам сыпаў дождж. Але юныя энтузіясты не звярталі на гэтыя дробязі ніякай увагі.

Яны спаборнічалі ў намінацыі “пуск копій мадэляў ракет S6A са стужкай”. Таксама ў праграме  турніру адбываліся і дэманстрацыйныя пускі ракет з імітацыяй (падрыў у паветры, тармажэнне мадэлі з вялікім парашутам-купалам  і  раташутам).

У ліку лепшых  спартсменаў турніру былі кабрынчане  Раман Грыцук з САШ №7, які заняў першае месца, і  Міхаіл Гелах з гімназіі г. Кобрына (другое месца). Пераможцы і прызёры былі ўдастоены дыпломаў ад Брэсцкага АЦТТН. Афіцыйна сёлетні сезон для ракетамадэлістаў завершаны. Наступныя спаборніцтвы плануецца правесці ранняй вясной 2011 года.

Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *