Дивинский Дом ремесел

Дзівінскі Дом рамёстваў быў створаны на базе Дзівінскай школы народнай творчасці 1 снежня 2008 года. Прызначэнне ўстановы арганізатары на чале з дырэктарам Наталіяй Клімук бачылі ў адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. З гэтай мэтай тут займаюцца зборам і апрацоўкай этнаграфічных матэрыялаў, захоўваюць і развіваюць традыцыйныя рамёствы. Жамчужынкай установы з’яўляецца невялікі музей, дзе сабраны ўзоры мясцовага ткацтва, вышыўкі, роспісу па дрэве і шкле.
Сярод экспанатаў — святочная і штодзённая мужчынская і жаночая вопратка. У этнаграфічным кутку шырока прадстаўлены прадметы сялянскага быту. Як заўважыла Наталія Мікалаеўна, у зборы экспанатаў актыўнасць праяўляюць не толькі супрацоўнікі Дома рамёстваў, але і жыхары Дзівіна і наваколля.
Музейным старажылам да нядаўняга часу быў ручнік 1905 года. На момант майго прыезду як сямейная рэліквія ён часова захоўваўся ў гаспадыні. У асноўным жа, паводле слоў субяседніцы, “ручніковыя” экспанаты – сучасныя вырабы, сатканыя на ткацкім станку Дома рамёстваў  майстрам-метадыстам па ткацтве Ларысай Дарашук.
Акрамя ткацтва, пры ўстанове дзейнічаюць гурткі па саломапляценні, пляценні паясоў, вышыўцы і роспісе па дрэве, у якіх займаюцца больш за 30 выхаванцаў. З гонарам расказала дырэктар пра суполку юных майстроў, адной з лепшых у якой з’яўляецца Наталля Магдысюк. Асвоіць асноўныя віды рукадзелля ёсць магчымасць і ў наведальнікаў установы: майстрамі-метадыстамі актыўна праводзяцца майстар-класы.
Дом рамёстваў вядомы не толькі ў раёне, дзе з’яўляецца адзінай установай такога статусу, але і за яго межамі. Тут ствараецца сувенірная прадукцыя. Дзівінчане актыўна і паспяхова вядуць выставачную работу. Штогод яны ўдзельнічаюць у свяце горада і ў раённым свяце традыцыйнай культуры “Золата палёў”.
З асаблівым хваляваннем расказала дырэктар установы пра традыцыю нарыхтоўкі саломы. У народных касцюмах, створаных уласнымі рукамі, дзівінскія майстрыхі выходзяць у поле. Неабходную колькасць снапоў, звычайна 20-25, жнуць, як у даўніну, сярпамі. “У гэтым ёсць свая асалода, жніво моцай насычае”, — запэўніла  субяседніца. Салому тут выкарыстоўваюць не толькі для разнастайных вырабаў, але і ў якасці ткацкага матэрыялу. Шырока прымяняецца ў рабоце і другасная сыравіна.
Пры Доме рамёстваў створаны фальклорны калектыў. Нягледзячы на яго невялікі “ўзрост” і малалікасць удзельнікаў, артысты ўжо маюць сваіх прыхільнікаў. Некалькі разоў з канцэртнымі праграмамі выязджалі за мяжу, у Польшчу.
Стварылі тут і візітку ўстановы – сцюдзёны калодзеж. Як вада з’яўляецца крыніцай жыцця, так Дом рамёстваў насычае наведвальнікаў жыватворнай сілай народнай мудрасці.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКАХ: дырэктар Дзівінскага Дома рамёстваў Наталія Клімук з візітнай карткай установы – сцюдзёным калодзежам.
Фота аўтара і з архіва Дзівінскага Дома рамёстваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *