Рады чытачоў “Кобрынскага весніка” папаўняюцца

22 верасня ў шостым аддзяленні паштовай сувязі прайшоў дзень падпісчыка. Традыцыйна ў ім прынялі ўдзел супрацоўнікі рэдакцыі раённай газеты “Кобрынскі веснік” на чале з галоўным рэдактарам Раманам Мельнікам.
“Аб акцыі даведалася з вашай газеты”, — адзначыла пры размове першы падпісчык на “Кобрынскі веснік” Стэфанія Патоцкая. З “раёнкай” у жанчыны даўняе сяброўства, яна прызналася, што “на газеце выгадавалася” і з задавальненнем працягвае добрую традыцыю бацькоў чытаць “Кобрынскі веснік”. Як пастаянны чытач заўважыла, як прагрэсіруе газета. “Усё тут кампактна, цікава і своечасова”, — рэзюмавала Стэфанія Максімаўна. У спадчыну пераняла любоў да раённай газеты і Таццяна Хільчук, майстар вытворчага навучання Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання. У адрас “раёнкі” жанчына выказалася станоўча.
Шмат добрых слоў пачулі супрацоўнікі рэдакцыі і ад іншых падпісчыкаў. А вось Аксана Селех толькі паспрабуе “веснік” “на смак”, таму што ўпершыню запрасіла яго ў свой дом.
У гэты дзень на “Кобрынскі веснік” падпісаліся 35 чалавек. Усе яны атрымалі фірменную прадукцыю ад рэдакцыі.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: рады чытачоў “Кобрынскага весніка” папаўняюцца: новыя сябры газеты — Аксана і Філіп Селех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *