Выбірай.by: теперь и в Кобрине!

У ліпені бягучага года па ініцыятыве ГА “БРСМ” стартаваў рэспубліканскі праект “Адкрытыя дэбаты “Выбірай.by”, асноўнай мэтай якога стала фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі. У межах гэтага праекта 11 верасня ў Палацы культуры прайшлі адкрытыя дэбаты па тэме “Беларусь – тэрыторыя міру і стабільнасці”. Абмеркаваць перамены, якія адбыліся ў нашай краіне з моманту набыцця статуса суверэннай дзяржавы, яе асноўныя дасягненні і дынаміку развіцця беларускага грамадства сабраліся актывісты раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “Белая Русь”.  У якасці незалежных экспертаў на адкрытых дэбатах выступілі старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў, а таксама вядучы маладзёжнага праекта, таймкіпер, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык.
З маладзёжным запалам падышла да самапрэзентацыі каманда БРСМ “Выбар маладых”, выказаўшы сваю грамадзянскую пазіцыю, у аснову якой ляглі стваральныя працэсы. Па-рознаму пабудавалі каманды свае разважанні па асноўнай тэме. Напрыклад, праз выказванні ўдзельнікаў каманды РА ГА “Белая Русь” “Грамадскія дзеячы” аб міры і стабільнасці Беларусі чырвонай ніткай прайшла тэма любві да Радзімы. Маладзёжны састаў аддаў перавагу статыстыцы, з дапамогай якой акрэсліў дабрабыт дзяржавы. Цікавым  і напружаным быў абмен каманд пытаннямі, так званы этап перакрыжаваных пытанняў. Тут варта адзначыць неабыякавасць і чуласць моладзі. Іх хвалюе стан роднай мовы, памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і праблема ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі. “Грамадскія дзеячы” аддалі перавагу пытанням філасофскага накірунку і прапанавалі сапернікам паразважаць аб шчасці і патрыятызме. Закранулі яны і важную падзею, пярэдадзень якой мы, беларусы, перажываем зараз – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Варта заўважыць, што пытанне аб прэзідэнцкіх выбарах было як нельга дарэчы. Як адзначыла першы сакратар Кобрынскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Людміла Чырун, аўдыторыю гледачоў прадставілі маладыя людзі, якія сёлета ўпершыню пойдуць на выбарчыя ўчасткі ў якасці выбаршчыкаў. На актуальную тэму юнакі і дзяўчаты ахвотна паразважалі.
Нягледзячы на сур’ёзнасць тэматыкі дэбатаў фартуна ўсміхнулася маладым. Камандзе БРСМ “Выбар маладых” прысуджана першае месца. Годна сустрэлі паражэнне “Грамадскія дзеячы”. “Ад маладых залежыць будучыня нашай краіны, добра што ў нас такія паслядоўнікі”, — сугучна падзяліліся эмоцыямі члены “Белай Русі”.
Пасля завяршэння дыскусіі ўдзельнікі далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Наш год — наш выбар”, у час якой атрымалі сімвалічныя яблыкі са стылізаванай у колерах Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь стужкай.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *