«Дожинки-2015» прошли 12 сентября в Иваново

Нягледзячы на халоднае восеньскае надвор’е Іванава — альбо Янаў, як яго называюць самі гараджане — сустрэла гасцей абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015” гасцінна і цёпла.
Тое, што горад рыхтаваўся да свята загадзя, было бачна яшчэ з ускраін: дарогі і тратуары абноўлены, фасады дамоў і ўстаноў поўнасцю змянілі сваё аблічча. Да “Дажынак” быў абноўлены стадыён горада, ва ўстановах адукацыі зроблены капітаны рамонт, расчынілі свае дзверы новыя аб’екты гандлю, была мадэрнізавана дзіцячая кансультацыя Іванаўскай ЦРБ, якую, дарэчы, да пачатку свята афіцыйна адкрыў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс.
Больш за 200 аб’ектаў гандлю з усіх раёнаў прапаноўвалі сваю прадукцыю пакупнікам. Агранізацыі вобласці наладзілі свае невялічкія канцэртныя пляцоўкі, нядзіўна, што навокал на ўсе галасы гучала музыка. Былі разгорнуты вулічныя кафэ, дзе можна было пачаствацца гарачым шашлыком, бульбай, каўбасамі, медавухай, наліўкамі і іншымі прысмакамі.
Наш раён прадстаўлялі такія прадпрыемствы, як Кобрынская птушкафабрыка, швейная фірма “Лона”, ААТ “Універмаг “Кобрын”, Кобрынскі масласырзавод і іншыя. Дарэчы, акрамя дзяржаўных прадпрыемстваў, сваю прадукцыю прадставілі і прыватныя агранізацыі.
Надышоў час выстраіцца ў святочную калону. Узначальвалі дэлегацыю лепшых аграрыяў раёна старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама Сяргей Дзенісевіч. Дарэчы, Кобрыншчына сёлета ўнесла значны ўклад у абласны каравай – наш раён адзін з нямногіх, дзе намалацілі больш за сто тысяч тон збожжа, а СВК “Узыходзячая зара” пад кіраўніцтвам Таццяны Дземідюк стаў трэцім у вобласці сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур.
І вось над галоўнай пляцоўкай падняты сцяг “Дажынак”, пачалася афіцыйная частка свята. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у сваёй прамове адзначыў, што за апошнюю пяцігодку ў вобласці было пабудавана 99 новых зернесушыльных комплексаў, больш за 20 збожжасховішчаў, гаспадаркі атрымалі пяць тысяч адзінак новай тэхнікі. Дзякуючы плённай працы, прымяненню новых метадаў у земляробстве, пачынаючы з 2010 года каравай вобласці “пацяжэў” на 340 тысяч тон збожжа і сёлета склаў больш за 1,4 мільёна тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,5 цэнтнера з гектара. Гэты паказчык таксама вырас за пяць гадоў на 11 цэнтнераў.
Анатоль Васільевіч адзначыў і тое, што з-за надвор’я гэты год для хлебаробаў быў напружаным і складаным – жніво прыйшлося пачынаць пазней больш чым на 10 дзён, але пры гэтым аграрыі паспелі сабраць ураджай у аптымальныя тэрміны. Старшыня аблвыканкама асабіста падзякаваў кіраўнікам і начальнікам упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання тых раёнаў, дзе было сабрана больш за 100 тысяч тон збожжа, у гэты спіс увайшла і Кобрыншчына.
З заканчэннем жніва работы на палях не скончыліся, таму Анатоль Ліс нацэліў усіх хлебаробаў працягваць плённую працу.
На свяце было шмат ганаровых гасцей: першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч, які зачытаў прывітальны адрас ад імя міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, першы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, першы намеснік старшыні Белхарчпрама Ігар Шустаў. Усе ганаровыя госці выказвалі словы падзякі аграрыям, віншавалі са святам і ўзнагароджвалі лепшых працаўнікоў вобласці. Дарэчы, сярод лепшых маладзёжных экіпажаў быў адзначаны сямейны экіпаж братоў Мікалая і Васіля Міранюкоў з СВК “Пакроўскі”.
І вось пасля афіцыйнай часткі пад прыгожую песню закружыліся ў карагодах дзяўчаты, на сцэну выйшлі беларусачкі з караваямі і снапамі – галоўнымі сімваламі свята. Па склаўшайся добрай традыцыі каравай і снапок жыта былі ўручаны старшыні аблвыканкама Анатолю Лісу. Загучала прыгожая музыка, распачалася канцэртная праграма.
А ў гэты час наведвальнікі свята гулялі па “Горадзе майстроў”, выбіралі сувеніры на памяць аб “Дажынках”. Дарэчы, Дзівінскі Дом рамёстваў таксама прадставіў выставу вырабаў сваіх умельцаў.
У рамках “Дажынак” прайшоў абласны этап праекта “Уладар сяла”, пра які мы расказвалі на старонках нашай газеты. Нагадаем, што ўдзел у ім узяла сям’я Сухарэвіч з Павіцця. Прадстаўнікі нашага раёна ўвайшлі ў пяцёрку лідараў.
Свята доўжылася да позняга вечара, таму што людзі, якія ўмеюць добра працаваць, умеюць і добра адпачываць, тым больш, што наперадзе – наступны віток працы, ад якой будзе залежаць новы ўраджай.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара і Рамана МЕЛЬНІКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *