Своеобразный бренд нашей Кобринщины — полумарафон

Дваццаць адзін кіламетр – гэта амаль палова адлегласці ад Кобрына да Брэста. Менавіта столькі трэба было прабегчы ўдзельнікам паўмарафона, прысвечанага памяці былога дырэктара Кобрынскай КСДЮШАР Вячаслава Ніколенкі. Старт узялі ад вяслярнай базы, на маляўнічым беразе Мухаўца.
— Паўмарафон стаў для нашага горада традыцыйным, у ім прымаюць удзел не толькі кабрынчане, але і госці з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з-за мяжы, — расказвае начальнік аддзела спорту і турызму ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Адамовіч. – Можна сказаць з упэўненасцю, што гэтае мерапрыемства ўжо стала своеасаблівым брэндам нашай Кобрыншчыны.
І сёлета прыехалі аматары бегу практычна ўсіх узростаў. Зразумела, дзеці ішлі па-за конкурсам — да поўнай дыстанцыі дапускаліся ўдзельнікі ад 18 гадоў. Мы пазнаёміліся з самым старэйшым бегуном – Ігарам Афнагелем з Мінска. Нягледзячы тое, што яму споўнілася ўжо 77 гадоў, ён прабягае каля 300 кіламетраў кожны месяц, а ўсяго прымаў удзел у 60-ці марафонах і звышмарафонах. Бегам Ігар Яўгенавіч займаецца з дзяцінства і ўпэўнены, што гэта – лепшы шлях да здароўя і выдатнага настрою.
Менавіта такога пункта гледжання прытрымліваецца і сям’я Вячорка, якая ў гэты дзень прыбыла на марафон амаль што ў поўным складзе – галава сям’і Валерый Вячорка, дзве яго дачкі – Сафія і Яўгенія і нават іх дзядуля – Мікалай Сямёнавіч, прымала ўдзел у арганізацыі паўмарафона і бабуля маленькіх спартсменак Святлана Філіпаўна. Вось такая сапраўдная спартыўная дынастыя. Як адзначыў Валерый Вячорка, спорт увогуле і бег у прыватнасці дазваляюць яго сям’і літаральна ўцячы ад усіх хвароб.
Усяго ў паўмарафоне прынялі ўдзел каля 60 чалавек. Былі прадстаўлены такія прадпрыемствы, як ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”, Кобрынскае ўпраўленне магістральных газаправодаў ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, ПМК-52, Кобрынскі хлебазавод, ААТ “Кобрынаграмаш”, КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” і іншыя. Наведалі Кобрыншчыну і госці – у тым ліку з Брэста, Мінска і Украіны. Усе ўдзельнікі атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і пазітыву і прадэманстравалі выдатны прыклад таго, што здаровы лад жыцця карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод усіх узроставых катэгорый.
Аляксандр СЫЦІН.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *