Слова дэлегату «На выхаванне асобы — сацыяльны заказ»


У кожнага з нас ёсць свае настаўнікі – тыя, хто даў нам пуцёўку ў самастойнае жыццё. Акрамя школьнай праграмы, яны навучылі нас самаму галоўнаму – ганарыцца сваёй краінай, адчуваць і паводзіць сябе як сапраўдны грамадзянін, паважаць традыцыі свайго народа. Менавіта такой добрай і патрэбнай справай вось ужо 25 гадоў займаецца Валянціна Гіль, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце САШ №2, намеснік старшыні ўчастковай выбарчай камісіі і ўдзельнік 4-га Усебеларускага народнага сходу ад Кобрынскага раёна.

Сення ў нашай дзяржаве маладым грамадзянам краіны надзяляецца асобая ўвага, адпаведна на іх ускладаюцца вялікія надзеі, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Менавіта ім, маладым, у хуткім часе давядзецца зберагаць і павялічваць увесь той патэнцыял, які мы маем сёння, захоўваць гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца, каб наша краіна квітнела і развівалася.

Якой, на ваш погляд, з’яўляецца галоўная задача школы?

Самае галоўнае — гэта выхаванне чалавека. І невыпадкова менавіта арганізацыя выхавання стала ў апошнія гады адным з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці ўстаноў адукацыі. Абумоўлена гэта, перш за ўсё, сацыяльным заказам  на выхаванне асобы — у якасці галоўнай каштоўнасці дзяржавы сёння выступае здаровы і адукаваны чалавек, выхаваць якога — наш святы абавязак.

— Перад вачамі педагогаў праходзіць увесь шлях станаўлення чалавека як асобы. Якія тэндэнцыі вызначаюцца ў гэтым плане ў апошнія гады?

Перш за ўсё, відавочны рост грамадзянскай свядомасці вучняў. Глядзіце самі — калі, напрыклад, дзесяцігоддзе таму асноўную актыўнасць праяўлялі людзі старэйшага пакалення, то сёння з кожным днём можна назіраць, што нашы вучні ўсё больш цікавяцца сацыяльным і эканамічным жыццём сваёй краіны, міжнароднымі адносінамі… А яшчэ — што вельмі важна — не проста цікавяцца, але і імкнуцца ўнесці свой пасільны ўклад і праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

— Дарэчы, Валянціна Мікалаеўна, акрамя педагагічнай працы, вы яшчэ  займаецеся грамадскай дзейнасцю — у прыватнасці, з’яўляецеся намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, прычым даволі даўно…

— Так, на гэтым месцы я ўжо 12 гадоў. Лічу, што з выбаршчыкамі на нашым участку мне пашчасціла — яны заўсёды праяўляюць добрую актыўнасць, прычым гэта датычыцца прадстаўнікоў самых розных узроставых груп.

— Удзельнік Усебеларускага народнага сходу — гэта высокі давер. Што б вы хацелі адзначыць у сувязі з вашым вылучэннем?

Сёння ад кожнага з нас — ад настаўнікаў, вучняў, бацькоў — патрабуецца  ў першую чаргу поўная самаадданасць і напружаная праца. І якія  б пасады  мы ні займалі, якую б работу ні выконвалі, трэба заўсёды памятаць пра самае галоўнае — менавіта ад сённяшняй нашай працы і адказнасці ўжо заўтра  будзе залежаць узровень жыцця і дабрабыту нашых з вамі дзяцей і будучыня ўсёй краіны.

Гутарыў Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *