Новый учебный год в Кобринском центре детского творчества

Новы навучальны год прынёс Кобрынскаму раённаму цэнтру дзіцячай творчасці шмат змен. Па-першае, у мэтах аптымізацыі да ўстановы далучылася яшчэ адна сумежная структура — былы раённы цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Больш за тое, гурткі тэхнічнага накірунку пераехалі на новае месца — туды, дзе ў нядаўнім мінулым знаходзіўся навучальна-вытворчы камбінат. 6 верасня ў абодвух будынках РЦДТ прайшоў дзень адчыненых дзвярэй.
— У гэтым годзе мы плануем набраць каля 180 груп рознага накірунку, — падзялілася перспектыўнымі думкамі дырэктар РЦДТ Наталля Белая. — У той жа час, на жаль, больш не будуць працавать такія гурткі, як “Флорадызайн” і “Разбяр па дрэве”, але замест іх пачне работу шмат іншых.
Каб дзецям і іх бацькам лягчэй было зрабіць пэўны выбар у бок таго ці іншага гуртка, педагогі падрыхтавалі выставы, якія яскрава сведчылі пра тое, чаму можна навучыцца на занятках. Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з вырабамі ўвачавідкі, а нешта маглі і пакаштаваць на зуб, прычым у прамым сэнсе. Таму не выпадкова асаблівай папулярнасцю карысталіся прысмакі ўсходняй кухні, прыгатаваныя кіраўніком новага гуртка “Смак Усхода” Люсяй Папко.
Наогул, для дзяцей старэйшага ўзросту ў цэнтры дзіцячай творчасці ёсць што прапанаваць у альтэрнатыву часу за камп’ютарам і вуліцы. “Школа шарму” і “Тэатр моды” — дзякуючы гэтым заняткам дзяўчаты змогуць стаць яшчэ больш прывабнымі і дапамагчы ў гэтым сяброўкам. А з дапамогай “Чароўнай скрыначкі” ўсе жадаючыя змогуць упрыгожыць інтэр’ер любога памяшкання.
Не забылі тут і пра самых маленькіх. Для развіцця дробнай маторыкі з’явіўся гурток пяскаграфіі “Вясёлка талентаў”. Для цікавых заняткаў закуплены светлавыя планшэты, а частка з іх зроблена самастойна. Дзеці будуць маляваць не толькі пяском, прычым каляровым, але і соллю, і маннай.
У студзені бягучага года ў раённым цэнтры дзіцячай творчасці пачаў работу цікавы гурток пад назвай “Роўны навучае роўнага”. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што дзеці пад кіраўніцтвам педагога рыхтуюць трэнінгі па прафілактыцы негатыўных паводзін, з якімі выступаюць перад аднагодкамі ў іншых установах адукацыі. А ў верасні адкрыліся такія аб’яднанні па інтарэсах, як “Юны інспектар руху” і “Школа важатых”.
Не абышло пашырэнне спектра заняткаў і тэхнічны накірунак. Разам са стаўшымі традыцыйнымі гурткамі, накшталт ракетамадэльнага ды іншых, у будынку на вуліцы Савецкай, 108, адчыніла свае дзверы “Творчая майстэрня робататэхнікі”.
6 верасня па двух адрасах цэнтра літаральна было носа не ўбіць, і гэта не можа не радаваць. Значыць, нашы дзеці — асобы, якія маюць захапленні і жадаюць нечаму навучыцца, каб свет вакол іх прыгажэў.
Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКАХ: дзяўчаты вырашылі прадоўжыць навучанне ў гуртку “Фотадызайн”; майстар-клас па пяскаграфіі ад Вольгі Наварыч; Люся Папко прапануе прадэгуставаць усходнія прысмакі; загадчыца тэхнічнага аддзела Святлана Чырко знаёміць дзяцей з работамі гурткоўцаў; Арцём Главацкі зацікавіўся мадэлямі тэхнікі; дзеці цікавяцца работай гурткоў па рукадзеллі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *