Рэквіем лесу

Пад лесам занята 26% тэрыторыі Кобрынскага раёна. Цікава, што самы вялікі
балотны масіў у раёне таксама носіць назву “Вялікі лес”, а тарфяны заказнік
займеў назву “Ёлка”. У раёне створаны заказнікі “Клішча”, “Мелянкова”,
“Дзівін-Вялікі лес”. Не адно пакаленне землякоў і турыстаў любавалася
знакамітым помнікам прыроды-матухны – Сувораўскім дубам. У Кобрына захаваўся
помнік садова-паркавай культуры 18 стагоддзя – парк. Лес жыве на Кобрыншчыне і
ў назвах населеных пунктаў: Арэхаўскі, Верхалессе, Дубіны, Залессе, Бярозна,
Боркі, Ляскова і інш.
Лес – гэта нешта такое, што цяжка выказаць словамі. Менавіта на бацькоўскай
зямлі пачынаеш добра ўсведамляць, што патрэбна вельмі шмат дрэў, каб утварыўся
такі мудрагелісты лес, якому, як Богу, пачынаеш міжволі пакланяцца. У лесу ёсць
свае таямнічыя рэсурсы, свае невычарпальныя скарбы. Калі прывыкаеш да нейкага
ляснога масіву, пачынаеш адчуваць сябе там, як дома.
Я запрашаю вас, сябры, у падарожжа па родных лясах: у іх столькі незвычайнага і
таямнічага! Тут сотні галасоў – мілагучных і такіх прыемных сэрцу. Прыходзьце і
прыязджайце ў родны лес – і ён вас сустрэне абрусам-самаборам, калі вы добры да
прыроды і наваколля чалавек. Увесь свой вольны час аддавайце лесу – не
пашкадуеце! Слухайце, як гамоняць векавыя дубы, партызанскія сосны-сёстры,
прыгажуні–бярозкі. Сябры, ніколі не здраджвайце свайму лесу маленства і
юнацтва, які вас выгадаваў і ў многім акрэсліў дарогу ў самастойнае жыццё!
Чалавеча, прытуліся да дрэва! Прыпыніся ў лесе, паслухай, як гамоніць! Мусіць,
само натхненне ў беларусаў ад лесу: святло і чысціня ад бяроз, сіла – ад дубоў,
развага – ад сосен.
Лес для мяне – гэта мая рэлігія, гэта храм, дзе я адпачываю і душой, і целам.
Лес для мяне – штосьці святое, я перажываю за кожнае дрэўца. Дрэвы, як і людзі,
жывыя: у кожнага свой характар. Я добра ведаю родныя лясы, ні разу ў іх не
заблудзіў. Лес жыве сваімі думкамі, легендамі, памяццю. Лес усё помніць. Дай
нам, Божа, хоць долечку яго памяці! Лясныя азёры і рэкі – сапраўдныя жамчужыны,
яны здаўна акружылі сябе незвычайнымі фарбамі. Як прыгожа, калі ў азёрнае
люстра глядзяцца беланогія бярозкі, трапяткія асіны, ніцыя вербы…
Хочацца шчыра дзякаваць леснікам і лесаводам. У маёй свядомасці ляснік, як і
родны лес, — багатая духоўная крыніца нашага народа.
Лес – наш лёс. І лічу, невыпадкова, што гэтыя словы падобныя па свайму гучанню
і нават сэнсу…
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *