Аляксандр Зазуля: “Супрацоўнічаць канструктыўна, сумесна вырашаць праблемы”

Днямі споўнілася роўна два гады з моманту, калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання ўступілі ў свае законныя паўнамоцтвы. Народны выбраннік ад Кобрыншчыны Аляксандр Зазуля адзначае, што сёлетні год быў асабліва напружаным і насычаным на падзеі. Па стане на 1 лістапада ім і яго памочнікам Віктарам Казаком было праведзена 655 прыёмаў грамадзян, наведваліся прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Дэпутат прымаў асабісты ўдзел у шэрагу рабочых мерапрыемстваў органаў улады, дабрачынных місій, сустрэч з духавенствам і інш. У інтэрв’ю карэспандэнту “КВ” Аляксандр Зазуля расказаў аб дэпутацкіх справах і турботах.
— Аляксандр Іванавіч, што было ў цэнтры ўвагі парламентарыяў краіны сёлета?
— Адна з важных задач – маніторынг заканадаўчых актаў, якія сёння дзейнічаюць у Беларусі. Важна зразумець, наколькі яны эфектыўныя на практыцы. Лічу, што гэта немагчыма без дасканалага валодання інфармацыяй аб грамадска-палітычнай сітуацыі на месцах.
Сёлета ўпершыню за ўсю сучасную гісторыю дэпутаты ніжняй палаты прынялі бюджэт на 2011 год раней, чым звычайна – яшчэ ў верасні. Гэта дазволіла ўраду, мясцовым органам улады, суб’ектам гаспадарання дэталёва прааналізаваць тыя важныя накірункі, якія будуць уплываць на ўзровень жыцця ў краіне. Таксама дзякуючы рашэнням Парламента, ўжо сёння поўны аб’ём падатку на прыбытак для прыватнай формы ўласнасці і палова для камунальных прадпрыемстваў будуць заставацца ў казне Кобрыншчыны. Істотная фінансавая дапамога з боку дзяржавы дае спрыяльную магчымасць падтрымаць не толькі існуючую вытворчасць, але і ствараць новыя фірмы і арганізацыі.
— Як можаце ахарактарызаваць сітуацыю са зваротамі выбаршчыкаў?
— Відавочна тое, што правядзенне рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2009” пазітыўна паўплывала на якасць жыцця кабрынчан. Сёння пажаданні грамадзян у асноўным зводзяцца да вырашэння інжынерных пытанняў – уладкавання ці рамонту дарог, каналізацыі, водаправода, добраўпарадкавання тратуараў і інш. Такія мерапрыемствы патрабуюць пэўнага часу і грошай, але яны планава рэалізуюцца.
Нярэдка да мяне прыходзяць людзі з жыццёвымі дробязямі, якімі трэба займацца не ў прыёмнай дэпутата, а ў вузкім сямейным асяроддзі. Некаторыя кабрынчане жадаюць вырашыць праблемы, якія не ў кампетэнцыі народнага выбранніка, – разборы па рашэннях суда, якія ўступілі ў законную сілу. Такая тэматыка знаходзіцца выключна ў сферы дзеяння судовых органаў. Гэта замацавана ў Асноўным законе – Канстытуцыі Беларусі. Упэўнены, што трэба арганізоўваць бясплатныя тэматычныя семінары па прававым выхаванні насельніцтва.
Ёсць пытанні, якія патрабуюць перш за ўсё ініцыятывы саміх грамадзян. Пазітыўныя прыклады такой работы можна прывесці ў в. Акцябр, дзе пры ўзаемадзеянні сяльчан, старасты вёскі Марыі Кірылюк, Гарадзецкага сельвыканкама, кіраўніцтва МВУ “Кобрынміжрайгаз”, райвыканкама і пры дапамозе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ удалося дабіцца газіфікацыі населенага пункта. Дзякуючы рабоце прыёмнай народнага выбранніка вырашыліся многія пытанні, у тым ліку і выдзяленне жылля грамадзянам у ААТ “Днепра-Бугскае”.
Дэпутатам мясцовых Саветаў трэба больш эфектыўна аб’ядноўваць свае намаганні з грамадскасцю, як гэта робіць Андрэй Мелянчук. Ён не ставіць перад райвыканкамам непад’ёмных пытанняў. І перш чым стукаць у кабінеты да чыноўнікаў, Андрэй Уладзіміравіч заўсёды праводзіць папярэднюю работу з выбаршчыкамі. З выканаўчай уладай трэба супрацоўнічаць канструктыўна, сумесна вырашаць праблемы, а не шукаць крайняга.
Прыёмная дэпутата заўсёды адчынена для кабрынчан. Мы чакаем ад наведвальнікаў карысных прапаноў, якія здольныя зрабіць наша жыццё больш радасным і камфортным.
Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *