Зоя Дубінка: “Ушаноўваць традыцыі – справа гонару”


Фотаархіў заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР ветэрана працы Зоі Уладзіміраўны Дубінкі з в. Хідры не змяшчаецца нават у тоўстым альбоме. Жанчына нетаропка перагортвае старонкі, і ўсмешка не зыходзіць з твару. Успаміны прыемнай хваляй захапілі душу і сэрца.
— Аднойчы маці дала мне каштоўную параду: будзеш вучыцца, старанна працаваць – далёка пойдзеш, – успамінае Зоя Уладзіміраўна. – Жылі мы не багата, у звычайнай сялянскай сям’і. У часы Савецкай улады ў мяне быў цудоўны шанц праявіць свае здольнасці, сумленнай працай зарабіць добрыя грошы, стварыць сям’ю.
Памятаю, як прыехала ўпершыню па размеркаванні ў калгас “Зара” Кобрынскага раёна. Сем дзён у тыдзень даводзілася працаваць кожнаму члену гаспадаркі, каб дасягнуць станоўчых вынікаў. Мы добра ведалі цану кожнаму рублю, нам ніколі не прыходзілася сумаваць, нягледзячы на тое, што жылі ў сельскай мясцовасці. Я сумяшчала працу і вучобу. У гэтым садзейнічала кіраўніцтва калгаса. За кошт дзяржавы ўдалося паспяхова закончыць тэхнікум, сельскагаспадарчую акадэмію, было прадастаўлена рабочае месца, жыллё. Галоўны прынцып быў – кожнаму па заслугах.


З 1975 года Зою Уладзіміраўну назначаюць на пасаду намесніка старшыні калгаса, яна ўзначаліла партыйную арганізацыю гаспадаркі. Зоя Дубінка ўдастоена дзяржаўных узнагарод – ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, “Знака пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання, уваходзіла ў склад камісіі па сацыяльным абслугоўванні і ахове здароўя. Яна бывала з праверкамі і дабрачыннымі місіямі ў дзіцячых дамах, прытулках, бальніцах і заўсёды імкнулася дапамагчы людзям, вырашыць іх набалелыя пытанні.
Цяпер Зоя Уладзіміраўна на заслужаным адпачынку. Але нават на пенсіі грамадскіх спраў не становіцца менш, узначальвае ветэранскую арганізацыю СВК “Узыходзячая зара”. І ў гэтай справе актыўная, рашучая, поўная аптымізму жанчына дасягнула поспехаў і за свае намаганні была ўзнагароджана Граматай Кобрынскага райвыканкама.
— Часта бываю ў ветэранаў, – гаворыць Зоя Уладзіміраўна. – На юбілеі і дні нараджэння мы рыхтуем для іх віншаванні і падарункі. Узгадваем маладосць. Я ганаруся тым, што жыла ў такую цудоўную гістарычную эпоху. Мяне заўсёды паважалі калегі па рабоце, а больш вопытныя спецыялісты давалі карысныя прафесійныя і жыццёвыя парады. Лічу, што мы, старэйшае пакаленне, зрабілі надзейную аснову для шчаслівага жыцця нашчадкаў.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *