Оздоровительный лагерь «Салют» отметил 55-летие

Бесклапотнае дзяцінства з усім яго хараством накрыла мяне, ледзь толькі я ступіла на тэрыторыю аздараўленчага лагера “Салют”, які цяпер знаходзіцца ў распараджэнні Брэсцкага гарвыканкама. Аддавацца ўспамінам доўга не выдалася магчымасці, у лічаныя хвіліны мяне абкружыла чародка дзяцей.
Візіт у лагер быў звязаны з важнай падзеяй – сёлета тут адзначылі 55-гадовы юбілей установы. Акрамя таго, гэты лагерны сезон у “Салюце” быў баявым хрышчэннем для яго дырэктара Ірыны Сямашкі, якая заступіла на пасаду ў сакавіку.
“Юбілейную дату сустрэлі па-сямейнаму”, — пачала гаворку Ірына Канстанцінаўна і паказала мне фотаздымкі, на якіх захаваліся найбольш яркія моманты свята: урачыстая лінейка з удзелам выхаванцаў трэцяй змены, ушанаванне работнікаў, сярод якіх – былы дырэктар Валянціна Анціпаровіч, прысвяціўшая “Салюту” больш за 25 гадоў, салодкія падарункі і шчырыя ўсмешкі…
Многае перажыў “Салют” за свае 55 гадоў. Тут склаліся пэўныя традыцыі, створана добрая метадычная база, распрацавана неабходная атрыбутыка. У сценах лагера зарадзілася пазітывам вялікая колькасць дзяцей. Толькі ў гэтым сезоне прайшлі аздараўленне больш за 600 чалавек ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, у тым ліку і замежныя грамадзяне. Як заўважыла дырэктар, перавага аддавалася дзецям, якія знаходзяцца пад сацыяльнай апекай і са шматдзетных сем’яў.
У гэтай сферы Ірына Сямашка не навічок – дзесяць гадоў працавала тут выхавальнікам. Вялікі “салютаўскі” стаж маюць і многія педагогі. 15 сезонаў адпрацавала з дзецьмі Наталля Яромская, за гэты час вырасла са звычайнага выхавальніка да старшага. “Мы імкнемся максімальна прывабіць дзяцей, з гэтай мэтай наладзілі добрыя сувязі з культурнымі ўстановамі Брэстчыны”, — падзялілася ўражаннямі Ірына Канстанцінаўна. Вялікую ўвагу тут надзяляюць творчаму развіццю, у тым ліку і ў працэсе гуртковай работы. На што здольныя выхаванцы, расказалі іх вырабы, якімі былі аздоблены атрадныя домікі. Нягледзячы на “ўзрост”, жыллё лагера добра захавалася. “Наш “Салют” не старэе”, — заўважыла ў час размовы Ірына Сямашка і з задавальненнем расказала пра апошнія набыткі, у ліку якіх 50 новенькіх тумбачак. Падзялілася яна і перспектыўнымі планамі, дзе на першым месцы — рэканструкцыя лагера.
У час майго прыезду ў “Салюце” ішла падрыхтоўка святочнага канцэрта “Дарослыя – дзецям”. Асабліва старанна рыхтаваліся да мерапрыемства юныя выхавальнікі, практыканты з педагагічных устаноў, у складзе якіх былі і кабрынчане. Напэўна, кожны, хто ідзе на працу ў летнік, разумее, што ён у адказе за адпачынак дзяцей, які абавязкова павінен быць якасным.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *