Яны стваралі гісторыю

Гэты расказ — аб нашых земляках, ураджэнцах вёскі Навасёлкі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у станаўленні Савецкай улады на Кобрыншчыне.
Гаворка пойдзе пра Аляксандра Альшэўскага і Івана Яшчука — простых хлопцаў, якія з першых дзён існавання маладой Савецкай улады сталі ў рады Чырвонай Арміі на абарону інтарэсаў працоўнага народа. Абодва яны пачыналі свой шлях у Першую сусветную вайну – і прынялі рэвалюцыю ўсёй душой.


Аляксандр Альшэўскі ў складзе царскай арміі прайшоў румынскі фронт, затым — ужо чырвонаармейцам — служыў у Першым маскоўскім ахоўным палку, які нёс варту Крамля, а потым быў перайменаваны ў 465-ты стралковы і ўдзельнічаў у вызваленні Маладзечна і Ліды. На яго жыццёвым шляху — славутыя баі пад Перакопам і Сівашом, жорсткія бітвы на Кахоўскім фронце, барацьба з бандамі махноўцаў пад Нікалаевам. На той час Аляксандр Альшэўскі служыў у 27-й брыгадзе войск ВЧК.
Менавіта ў ВЧК праходзіў службу ў гады грамадзянскай вайны і другі навасёлкавец, Іван Яшчук, які за сваё жыццё прайшоў тры вайны і незадоўга да смерці быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Разгром інтэрвентаў, барацьба з контррэвалюцыянерамі, потым, у часы Вялікай Айчыннай — удзел у абароне Севастопаля і вызваленні Еўропы… Перажыў ён і рэпрэсіі 30-х гадоў, быў арыштаваны, але пазней рэабілітаваны.
Як вядома, пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі Кобрыншчына ў хуткім часе трапіла пад польскую ўладу. Ужо ў 1919 годзе ў Навасёлках была арганізавана падпольная група РКП(б) пад кіраўніцтвам Эзры Баума. У яе склад увайшлі таксама Васіль і Кірыл Сахарчукі, Анісім Піліпук, Арон Церах. Польскі ўрад даведаўся пра існаванне падпольнай групы — двух членаў арыштавалі, але пасля двухмесячнага следства, не дабіўшыся прызнання, адпусцілі на парукі вяскоўцаў. Падпольная работа ў вёсцы не спынялася — яскравым яе прыкладам з’яўляецца Навасёлкаўскае паўстанне 1933 года.


Усе гэтыя звесткі рупліва захоўваюцца ў музеі Навасёлкаўскай школы, якім кіруе выкладчык гісторыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь і добры сябар нашай газеты Аляксандр Дронец, з дапамогай якога і быў напісаны гэты матэрыял. У фондзе музея можна знайсці шмат архіўных дакументаў, фотаздымкаў і ўспамінаў непасрэдных удзельнікаў падзей тых няпростых часоў… Зразумела, кожны з тых людзей, пра якога ішла гаворка, заслугоўвае асобнага падыходу — у будучым на старонках «КВ» з’явяцца новыя матэрыялы, успаміны і факты з жыцця тых, хто быў сярод стваральнікаў нашай з вамі гісторыі ў нялёгкі час Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота з музея Навасёлкаўскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *