Центр социального обслуживания в Кобрине для пожилых людей .

Адукацыйныя курсы аздараўленчага накірунку для пажылых людзей у Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічаюць з 2010 года.  Як заўважыла псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Святлана Сытая, іх адкрыццё абумоўлена пашырэннем спектра паслуг для гэтай катэгорыі грамадзян. Сёлета здаровы лад жыцця прапагандаваўся праз курсы “Гімнастыка для пажылых 50+”, “Аздараўленчая фізкультура для пажылых” і “Ёга для пажылых”.
Асаблівую цікавасць да аздараўленчых заняткаў праявілі ўдзельнікі клуба “Альтэрнатыва”, які дзейнічае на базе Кобрынскага ТЦСАН. Знаёмства з імі ўласна для мяне стала пацвярджэннем слоў англійскага філосафа Джона Лока, што гімнастыка працягвае маладосць чалавека. Стройныя, падцягнутыя, бадзёрыя… Цяжка нават паверыць, што жанчынам ужо за 60.
“Без уважлівай прычыны мы не прапускаем ніводнага занятка”, — заўважыла перад аздараўленчай фізкультурай 5 жніўня старшыня клуба “Альтэрнатыва” Валянціна Фінцклер. Кіраўнік гэтага курса  – спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Валянціна Чакавая знаходзілася ў водпуску, і яе функцыі адказна ўсклала на свае плечы член клуба Вольга Сядышава.
Пажылыя людзі актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных спартыўных спаборніцтвах.  Зусім нядаўна зборная каманда Кобрынскага ТЦСАН заняла другое месца ў абласным спартыўна-масавым мерапрыемстве “Крок да даўгалецця”, якое прайшло ў Баранавічах. Летась іх удзел у гэтым жа спаборніцтве ў горадзе Камянцы  быў адзначаны першым месцам.
Валянціна Фінцклер з гонарам заўважыла, што многія з яе калег займаюцца фізкультурай па-за цэнтрам. Дарэчы, у рады фізкультурнікаў на аздараўленчы курс “па густу” Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва могуць патрапіць усе жадаючыя пажылыя грамадзяне. Падрабязная інфармацыя – па тэлефоне 4-80-56.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *