Добрыя працаўнікі – апора сям’і

Чалавек, які працуе не першы год і з’яўляецца добрым спецыялістам у сваёй галіне, заканамерна карыстаецца аўтарытэтам. Калі ж ён у дадатак малады, напоўнены энтузіязмам — ды яшчэ і не залежыць ад шкодных звычак, то і ўвогуле цэніцца, што называецца, на вагу золата.
Менавіта такімі спецыялістамі з’яўляюцца механізатары ААТ «Стрыгава» Мікалай Пармонік і Аляксандр Валяваты, якіх мы сустрэлі на полі падчас уборкі цукровых буракоў, якую яны ажыццяўлялі на камбайне «Холмер». Як аказалася, у напарніках гэтыя сціплыя хлопцы працуюць ужо трэці год і разумеюць адзін аднаго з паўслова.
— Тэхніка добрая, – усміхаецца Мікалай Пармонік. – Зразумела, любы камбайн патрабуе ў першую чаргу клапатлівых да сябе адносін. — Іншымі словамі, каб тэхніка працавала, да яе трэба прыкладваць рукі. Ну а да гэтага нам не прывыкаць… Ды і на ўмовы жыцця грэх скардзіцца — я, напрыклад, працую ў ААТ «Стрыгава» ўжо 9 гадоў, атрымаў дом…
Дарэчы, на момант нашага візіту ў ААТ «Стрыгава» ўжо заканчвалі ўборку цукровых буракоў. Што ж датычыцца ўраджайнасці, то сёлета яна склала 450 цэнтнераў з гектара, прадпрыемства ўжо здало на завод 10,5 тысячы тон. Усяго ж мяркуюць адправіць на перапрацоўку 13 тысяч тон буракоў — пры даведзеным плане ў 12 тысяч.
Між іншым, Мікалай і Аляксандр — не толькі добрыя працаўнікі, але і апора сям’і — у Мікалая Пармоніка, напрыклад, ужо чацвёра дзяцей. А ў кіраўніцтва пра гэтых хлопцаў водзывы толькі станоўчыя. Як адзначыў дырэктар ААТ «Стрыгава» Ігар Масько, на іх баку і працавітасць, і добрасумленнасць, і высокі прафесіяналізм, які дазваляе ўпэўнена адчуваць сябе ў любой сітуацыі, і вопыт, які яны набылі ў гаспадарцы. А гэта, згадзіцеся, дарагога каштуе.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *