Председатель Кобринского райисполкома Александр Зозуля принимал жителей Кобринщины.

Жадаючых трапіць на асабісты прыём грамадзян да старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі ў мінулую сераду было нямала. Жыхары Кобрыншчыны звярталіся да кіраўніка раёна з самымі рознымі пытаннямі: працаўладкавання, крэдытавання будаўніцтва, атрымання жылля, добраўпарадкавання і інш.
Адной з вострых праблем, якая была агучана на прыёме групай кабрынчан, — нездавальняючая якасць новага жылля. Так, новы шматпавярховы дом № 129 па вул. Дзяржынскага мае сур’ёзную недапрацоўку – малы напор вады ў водаправодзе. Аляксандр Зазуля адзначыў, што па гэтым пытанні будзе праведзена дасканалая праверка. Ён паведаміў, што адказныя за будаўніцтва дома кіраўнікі будуць даваць падрабязныя тлумачэнні, наколькі кваліфікавана і прафесіянальна ажыццяўляліся планіроўка, праектаванне, вывучэнне стану пляцоўкі для гэтага жылля, і інш. Пры гэтым недапушчальна з боку некаторых службовых асоб займацца нейкай прафанацыяй насельніцтва па гэтай праблеме і даваць свае суб’ектыўныя каментарыі, якія, дарэчы, выклікаюць у заяўнікаў цэлы шэраг новых пытанняў.
— У любой галіне ёсць непахісныя каноны, якія неабходна выконваць да коскі, — падкрэсліў старшыня райвыканкама. — І няма розніцы, напрыклад, якім чынам грамадзянін будаваў сваё жыллё: за льготны банкаўскі крэдыт ці звычайны. Якасць работ адказных за будаўніцтва арганізацый заўсёды павінна быць на вышыні. Жыллё – сфера высокай адказнасці, дзе павінен панаваць парадак, а зносіны паміж забудоўшчыкамі і кліентамі — знаходзіцца ў прававым полі, быць максімальна празрыстымі і зразумелымі, — рэзюмаваў Аляксандр Зазуля.
Таксама ў час прыёму заяўнікі скардзіліся на нездавальняючы стан спраў у гаражным кааператыве “Бона-аўта”. Так, напрыклад, далёка не кожны з членаў кааператыва ведае, наколькі законна яго кіраўніцтвам ажыццяўляецца продаж гаражоў, збіраюцца членскія ўзносы і інш. Старшыня райвыканкама адзначыў, што па ўсіх названых фактах будзе праводзіцца праверка. Аднак і самі члены не толькі гэтага, але і іншых гаражных кааператываў, а таксама садаводчых таварыстваў Кобрыншчыны павінны ў падобных сітуацыях праяўляць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і дзелавую актыўнасць, умець у законных межах дамаўляцца па ўсіх арганізацыйных пытаннях. Такое імкненне заўсёды падтрымае і раённая ўлада.
На жаль, не абышоўся прыём грамадзян і без так званых “суседскіх разборак”. Аляксандр Зазуля ў чарговы раз нагадаў заяўнікам, што неабходна выкарыстоўваць цывілізаваныя метады вырашэння падобных канфліктаў – шляхам дамоўленасцяў ці праз суд.
Кожны, хто звярнуўся ў той дзень да кіраўніка раёна, атрымаў вычарпальны адказ на свае пытанні.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *