Кобринский парк им. А.В. Суворова любимый с детства

Ірына КАРАБЧУК,
дырэктар ККРУП «Парк імя А.В. Суворова»:
“Любімы з дзяцінства парк”
— Наш парк  ведаю з самага нараджэння. Часта прыходзіла сюды з бацькамі. Памятаю, як цікава мы бавілі тут час.
Прыходзіла сюды і з сяброўкамі. За рубель каталіся на ўсіх атракцыёнах, падоўгу выстаяўшы ў чэргах. Першыя спатканні праходзілі таксама ў парку, ля фантана.
Цяпер я тут працую, за што вельмі ўдзячная лёсу. На пасаду дырэктара парку прыйшла ў чэрвені 2009 года. Тады ён быў суцэльнай будпляцоўкай. Якраз заканчваўся перыяд падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Амфітэатр быў у каркасе, перакладаліся дарожкі, рабіўся ландшафтны дызайн газонаў. Не спынялі сваёй работы толькі атракцыёны. Клопату было нямала, але за тры месяцы кругласутачнай працы мы падышлі да фіналу рэканструкцыі, якая пачалася ў 2006 годзе.
Сёння парк – гэта месца, куды можна прыйсці ў любы час. Мы імкнемся даць нашым наведвальнікам максімум пазітыўных эмоцый. Карыстаецца попытам дзіцяча-забаўляльны цэнтр “Кеша”, які пачаў праваць у снежні 2009–га. За няпоўных шэсць гадоў дзіцячы цэнтр стаў сапраўдным брэндам парку. Тут арганізуюцца разнастайныя мерапрыемствы, якія ўвасабляюць у жыццё самыя неверагодныя дзіцячыя фантазіі. “Кеша” мае добрую рэнтабельнасць. За год тут праводзіцца больш як 500 дзён нараджэння. Ёсць у нашым цэнтры трох’ярусны лабірынт. Знаходжанне ў ім – своеасаблівая трэніроўка для людзей, у тым ліку і з захворваннямі апорна-рухальнага апарата.
Мы цесна супрацоўнічаем з адукацыйнымі ўстановамі, у нас ёсць што прапанаваць ім для арганізацыі вучэбнага працэсу і  летняга адпачынку дзяцей. Сёння ў нашым парку праводяцца прыродазнаўчыя экскурсіі, у час якіх можна пазнаёміцца з яго раслінным светам. Зялёны куточак горада налічвае да 70 відаў дрэў і кустоў. Наш амфітэатр – асноўная пляцоўка самых маштабных канцэртаў у горадзе. Праўда, яму патрабуецца яшчэ мадэрнізацыя, якая б дазволіла праводзіць разнастайныя мерапрыемствы незалежна ад умоў надвор’я. Абнавіўся парк атракцыёнаў. Пасля рэканструкцыі з’явілася 8 новых каруселяў – “каліпса”, “узлёт”, “вальс” і іншыя. Цяпер гарадок атракцыёнаў складаецца з 4 дарослых і 16 дзіцячых каруселяў.
У парку ёсць танцавальная і спартыўная пляцоўкі, дзе актыўна праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Мы аказваем дапамогу ў правядзенні ўрачыстасцяў, у тым ліку і вяселляў —  на ратондзе ў суправаджэнні тэатральных пастановак па ўласных і індывідуальных сцэнарыях. Ёсць у нас і так званая “Лаўка сяброўства”, на якой не ўседзіш, не памірыўшыся.
Паводле даных вобласці, мы займаем лідзіруючыя пазіцыі. Калектыў нашага парку – 50 штатных супрацоўнікаў і 27 сезонных, якія штодзённа шчыруюць, каб наведвальнікам было ўтульна. У 2013 годзе адзначылі 425–гадовы юбілей установы.
Ёсць у нас шмат цікавых задумак. Напрыклад, у перспектыве бачым правядзенне ў парк інтэрнэту Wi-Fi, устанаўку стоек для падзарадкі тэлефонаў і ноўтбукаў, шэзлонгаў для адпачынку і многае іншае. Пра нас ведаюць у рэспубліцы, штогод прымаем вялікую колькасць турыстаў.
Запісала Людміла ДУБІНА.
Фота Рамана МЕЛЬНІКА і з архіва парку імя А.В. Суворава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *