Кобринский маслодельно-сыродельный завод является лучшим в республике

Руслан ЧЫБАТАР,
дырэктар ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”:
“Галоўнае — якасць”
— Наша прадпрыемства вядзе сваю гісторыю з кастрычніка 1939 года. За гэты час яно вырасла з маленькага маслазавода да вялікага масларобна-сыраробнага завода, прадукцыя якога годна канкурыруе на сучасных малочным і сырным рынках.
Асноўным накірункам вытворчасці з’яўляецца сыр: на гэтыя мэты ідзе больш за 70% сыравіны. Каля 90% гатовага сыру мы адпраўляем на экспарт. Зразумела, што наша праца накіравана на паляпшэнне якасці сыру і павелічэнне яго асартыменту. Намагаемся асвойваць новыя рынкі збыту. Апошнім часам да экспартнай геаграфіі далучыліся Казахстан і Туркменістан, і ўсё ж большасць тавару па-ранейшаму адпраўляецца менавіта ў Расію.
Да канца жніўня ў нас запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю новага сыраробнага цэха, у якім усталявана аўстрыйская аўтаматызаваная лінія па вытворчасці цвёрдых і паўцвёрдых сычужных сыроў “BERTSCH-LASKA”. Пры выбары абсталявання перш за ўсё кіраваліся тым, каб захаваць існуючыя тэхналогіі, традыцыі і самую высокую якасць. Пры гэтым ставілася мэта замяніць ручную працу на аўтаматызаваную, каб завод сапраўды быў еўрапейскага ўзроўню. Мы таксама паставілі цэлую лінейку дадатковага абсталявання, каб палепшыць якасць паступаючага малака. На сённяшні дзень заканчваецца тэсціраванне абсталявання. Спадзяемся праз месяц выйсці на вытворчыя магутнасці.
У бліжэйшы час таксама плануем пашыраць вытворчасць мяккіх сыроў. Будзем праводзіць мадэрнізацыю, закупаць новае абсталяванне. На бліжэйшую будучыню запланаваны і выпуск фасаванага сыру, гэта значыць у зручнай спажывецкай тары, што дазволіць падоўжыць тэрмін захоўвання.
Прадпрыемства працуе рэнтабельна, прыбыткова, і ў гэтым заслуга кожнага работніка. На сённяшні дзень сярэдняспісачная колькасць працуючых на заводзе — 544 чалавекі. Лепшай пахвалой калектыву з’яўляецца агульнапрызнаная якасная прадукцыя.
Кобрынскія сыры лічацца лепшымі ў рэспубліцы. Пацвярджэннем таму служыць іх высокі кошт за мяжой. Другім аргументам на карысць якасці можна лічыць тое, што наша прадукцыя на складзе не затрымліваецца. Мы ўсё вырабляем пад заказ і адгружаем па перадаплаце.
Прызнаннем нашай прадукцыі служаць і перамогі ў розных конкурсах, з якіх без узнагарод мы яшчэ не вярталіся. Сярод апошніх дасягненняў — паўцвёрды сыр “Успенскі”, які стаў лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, і цвёрды сыр “Пармскі Gold”, які на 22-й Міжнароднай выстаўцы харчовых тавараў “ПродЭКСПО-2015” у Маскве заваяваў “золата” ў намінацыі “Сыры”.
Запісала Наталля НІЖНІК.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” Руслан Чыбатар; апаратчык вытворчасці плаўленых сыроў Алеся Грыгарук за работай.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *