Конный спорт в Верхолесье.

Калі Ганна Давыдзенка, трэнер-выкладчык по конным спорце ДЮСШ  пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СВК “Раданежскі”, прыехала сюды 10 гадоў таму, тут былі, як яна гаворыць, усяго два кані, два сядлы і дзве аброці. Само ж аддзяленне коннага спорту адкрылася ў 2005 годзе на базе племконефермы рэспубліканскага статусу ў в. Верхалессе. Паколькі ў гаспадарцы фінансавыя сродкі былі абмежаваны, а спартыўныя коні каштуюць вельмі дорага, пайшлі такім шляхам: мянялі рабочых коней на спартыўных, два за аднаго. Першым канём, якога аддзяленне атрымала такім чынам, стаў мерын Сіднэй з Масквы са стайні тагачаснага мэра расійскай сталіцы Юрыя Лужкова…
Паступова база значна папаўнялася як конямі, так і амуніцыяй. Цяпер тут налічваецца 12 галоў асноўных спартыўных коней і 16 галоў – беларускай запражнай пароды. Дзякуючы прафесіянальнаму падыходу да трэнерскай дзейнасці, Г. Давыдзенка здолела наладзіць работу так, што ў аддзяленне коннага спорту пацягнуліся дзеці самых розных узростаў.
— Займаюся тут з пяці гадоў, — гаворыць адна з самых юных ездакоў Дамініка Матусевіч. – Я з дзяцінства люблю коней, у мяне дома ёсць мой конь Барон. У школе весела,  падабаецца, як тут выкладаюць і што побач – мае верныя сябры.
Усяго ж сёння ў школе займаюцца верхавой яздой каля 30 чалавек. Набор ідзе з 10 да 13 гадоў. Прыходзяць сюды  і васьмі-, дзевяцігадовыя, калі спраўляюцца з нарматывамі і заданнямі. Заняткі штодзённа, выхадны – панядзелак. Нагрузкі даволі адчувальныя, але ўсе рабяты займаюцца з задавальненнем, вельмі любяць коней і ўсё, што з імі звязана.
І многія вучні могуць пахваліцца заслужанымі дасягненнямі. У нядаўнім красавіцкім абласным першынстве па конным спорце выхаванцы аддзялення паказалі выдатныя вынікі. Маргарыта Трацюк заняла першае месца, Сяргей Піліпчук – другое, прычым уступіў свайму саперніку літаральна адну секунду. Заўсёды прывозіць узнагароды з розных спаборніцтваў і Уладзімір Пялецкі. Летась, калі ў Магілёве праходзілі рэспубліканскія Алімпійскія дні моладзі, Брэсцкую вобласць прадстаўлялі самыя лепшыя коннікі — Сяргей Піліпчук ад Верхалесся і яшчэ адна дзяўчына з Брэста. Тады яны занялі другое агульнакаманднае месца.
Ганарыцца трэнер і юным падрастаючым пакаленнем: Дамінікай Матусевіч, чыё меркаванне прагучала вышэй, Вікторыяй Кананюк, Алегам Каташэвічам, іншымі рабятамі.
— А першыя мае вучні, Ганна Пракапук і Вадзім Парфянюк, сёння ўжо самі працуюць трэнерамі ў Брэсцкім цэнтры алімпійскага рэзерву, — з гонарам адзначае Ганна Давыдзенка. – Тут займаецца адзін з лепшых нашых ездакоў Дзмітрый Аўсяюк, пайшла па слядах брата і яго сястра Вікторыя. Яшчэ два вучні, Алег Піліпчук і Крысціна Малашчук, навучаюцца коннаму спорту ў Мінску.
— Займаюся ў школе амаль з часу яе заснавання, — гаворыць 17-гадовы Сяргей Піліпчук. – Калісьці прыйшоў паглядзець, як займаецца брат, і проста закахаўся ў конны спорт. Мая мара – стаць трэнерам.
— А мае планы на будучыню – выступаць на спаборніцтвах, займаць прызавыя месцы, — дадае 10-гадовая Вікторыя Кананюк. – Іншым разам падаю з каня, але падымаюся і займаюся далей.
Ігар СІДАРУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *