Две кобринские девочки оказались в десятке финалистов детского конкурса «Евровидение-2015».

26 чэрвеня сталі вядомы 10 фіналістаў Нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне-2015». У дзясятцы лепшых апынуліся і дзве кобрынскія дзяўчынкі Лізавета Козак і Алена Тоўсцік, якія выступалі дуэтам.
У адборачным туры Кобрын прадстаўлялі не толькі яны, быў яшчэ дуэт Ягора і Дамінікі Ісакавых. Але ж у фінал прайшлі толькі Ліза і Алена. Іх песня «Пазітыўны свет», прагучаўшая на рускай мове, з першых гукаў літаральна пакарыла членаў журы, якія сабраліся ў Белтэлерадыёкампаніі для праслухвання прэтэндэнтаў. Прысутныя амаль што не пайшлі ў скокі: седзячы на сваіх месцах, прытупвалі і пляскалі ў далоні. Лёгкая, вясёлая і рытмічная мелодыя адразу ж адгукаецца ў сэрцах слухачоў. У гэтым мелі магчымасць пераканацца і кабрынчане, якія ў Дзень моладзі былі ў парку імя А. В. Суворава, каля ратонды.
Ліза і Алена ўжо не раз станавіліся лепшымі на конкурсах рознага ўзроўню, у тым ліку і міжнароднага. Але ж менавіта выступленне на адборы “Еўрабачання” дзяўчынкі лічаць самай вялікай перамогай. “Мы быццам у космасе лётаем. Дагэтуль не можам канчаткова паверыць, што прайшлі ў фінал”, — гаворыць Ліза, і Алена тут жа дадае: “Гэта проста неверагодна!”
Песню дзяўчынкі напісалі самі: Алена — аўтар слоў, а Ліза — музыкі. І атрымалася ўсё неяк спантанна. Сяброўкі нярэдка наведваюцца адна да адной у госці. Вось у адзін з такіх візітаў дома ў Лізы яны і вырашылі прыняць удзел у адборачным туры конкурсу “Еўрабачанне”. У той жа вечар і пачалі пісаць песня. Апрацаваць атрыманы музычны твор дапамог вядомы кобрынскі кампазітар і аранжыроўшчык Юрый Давідзюк. На яго ж студыі пасля і адбыўся запіс песні.
Але ж выдаць гатовы музычны прадукт — гэта толькі палова справы. Каб песня па-сапраўднаму загучала на сцэне, патрэбна шмат рэпетыцый. Над пастаноўкай нумара з кабрынчанкамі займаліся брэсцкія педагогі Людміла Герасевіч, Ларыса Батрутдзінава (па вакале) і Алена Крэчка (па харэаграфіі). Як паказаў адборачны тур, заняткі не прайшлі дарэмна.
Выхад у фінал накладае яшчэ большую адказнасць. Расслабляцца нельга, нягледзячы на тое, што ў запасе яшчэ амаль два месяцы: фінал Нацыянальнага адбору на дзіцячае “Еўрабачанне” адбудзецца 21 жніўня. У гледачоў тэлеканала “Беларусь 1” будзе магчымасць аддаць свой голас за Лізавету Козак і Алену Тоўсцік у прамым эфіры гала-канцэрта. Пераможца ў лістападзе гэтага года будзе абараняць гонар Беларусі ў Сафіі. І хто ведае, магчыма ў сталіцу Балгарыі паедуць менавіта кабрынчанкі…
Наталля НІЖНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *