Староста д. Киселёвцы Сергей Кособуцкий занесен на районную Доску почета.

У чаканні аўталаўкі вакол Сяргея Касабуцкага, старасты вёскі Кісялёўцы, сталі збірацца мясцовыя жыхары. Адразу завязалася жывая гаворка. Хтосьці звярнуўся з просьбай завітаць на падворак, дапамагчы вырашыць справу з пераносам у іншае месца хлява. Нехта пацікавіўся, ці будзе зноў працаваць даўно закрыты стары клуб. А то моладзь збіраецца на святы па кустоўях ды палянах… Некалькі сухенькіх бабулек падзякавалі за дапамогу ў абкосе прысядзібных участкаў.
— О, наш стараста – чалавек добры! – папраўляючы светлую хустачку і акуляры, гаворыць адна са сталых жанчын. – Выслухае заўсёды, падумае, як лепей зрабіць, куды трэба пойдзе і каго трэба прывязе.
— Умее з людзьмі размаўляць, — далучаецца да яе суседка. – Я вам праўду скажу: у меня сын іншым разам за каўнер залажыць любіць. Дык сама яго так не ўгавару, як Сяргей Фёдаравіч умее. Трэба было прыдарожныя равы абкасіць – наш стараста пайшоў і ўгаварыў. А мяне і блізка сын не слухаў!..
— Ага, а колькі ён для ўпарадкавання вясковых могілак зрабіў – не кожны такую справу пацягне, — дадае разважлівы мужчына, спешыўшыся з веласіпеда.
— Вядома, даводзіцца вырашаць самыя розныя пытанні, — гаворыць ужо сам Сяргей Фёдаравіч. – Штосьці ўдаецца зрабіць адразу, на вырашэнне больш сур’ёзных праблем патрабуецца больш часу. Добра, што з мясцовым кіраўніцтвам – самыя цесныя адносіны, разумеем адзін аднаго з паўслова. А трэба – збіраюся і ў раённы цэнтр, да самога старшыні райвыканкама еду. На пасадзе старасты — з сярэдзіны 90-х гадоў, хутка ўжо як два дзясяткі гадоў будзе. Шмат рознага было… Ці складана? Як вам сказаць. Падтрымліваць парадак ва ўсім, трымаць на кантролі не толькі стары плот, які трэба падправіць, але і больш складаныя пытанні, якія патрабуюць і гаспадарчай, і фінансавай, і юрыдычнай падрыхтоўкі, – заўсёды не проста. Але, як бачыце, спраўляюся!
І Сяргей Фёдаравіч зноў са шчырай усмешкай павярнуўся да людзей, поўнасцю паглыбляючыся ў іх просьбы і клопаты.
НА ЗДЫМКУ:  стараста аг. Кісялёцы Сяргей Касабуцкі, які ўшанаваны права знаходзіцца на Дошцы гонару Кобрынскага раёна за дасягненне найлепшых вынікаў у працоўнай і грамадскай дзейнасці.
Тэкст і фота Ігара ФЕДАРОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *