Председатель Брестского облисполкома Анатолий Лис посетил ПТФ «Ручайка».

У мінулы чацвер старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс з рабочым візітам наведаў прадзільна-ткацкую фабрыку “Ручайка”. Як адзначыў кіраўнік Брэстчыны, азнаямленне з сітуацыяй спраў на прадпрыемствах вобласці, сустрэчы і гутаркі з працоўнымі калектывамі, аператыўнае вырашэнне комплексу існуючых праблем на месцах займаюць важную пазіцыю ў яго рабочых планах. У суправаджэнні старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі, яго намесніка Ірыны Балановіч і адміністрацыі “Ручайкі” губернатар пабываў у цэхах прадпрыемства. Як паведаміла намеснік дырэктара па вытворчасці ПТФ “Ручайка” Ірына Шыш, на сучасным этапе на прадпрыемстве ажыццяўляецца выпуск таварнай пражы, тканіны, тэнтавых і банерных матэрыялаў з ПВХ пакрыццём. Сёлета ў канцы мая паспяхова асвоены выпуск інавацыйнага прадукту – сучаснага гідраізаляцыйнага дахавага матэрыяла з палімерным пакрыццём еўрапейскай якасці. (Калі гаварыць прастой мовай – гэта  заменнік руберойду – Р.М). Навінка актыўна выкарыстоўваецца пры ўладкаванні ці рамонце дахаў.  Дарэчы, “Ручайка” – пакуль адзіная ў краіне, якая вырабляе падобны тавар. Дзякуючы сапраўднай тэхнічнай рэвалюцыі, якая планамерна адбывалася на фабрыцы, тут устаноўлены новае італьянскае ткацкае абсталяванне, а таксама лінія па вытворчасці матэрыялаў з ПВХ. Несумненна, менавіта такія зрухі і дазволілі не абанкруціцца і выжыць у няпростых сучасных рэаліях. Нягледзячы на шматлікія эканамічныя абставіны прадпрыемства працуе рэнтабельна.
Тым не менш ёсць і комплекс праблем. “Ручайка” мае экспартаарыентаваную вытворчасць. Асноўным рынкам збыту была і застаецца Расійская Федэрацыя. Рэха эканамічнага крызісу краіны-суседкі негатыўна адгукнулася на справах кобрынскага прадпрыемства. У выніку недахопу абаротных сродкаў  загрузка вытворчых плошчаў складае ўсяго 52 працэнты. Ёсць праблемы са збытам гатовай прадукцыі.
Як адзначыў старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс, улада ведае “болевыя кропкі” “Ручайкі” і імкнецца рэальна дапамагчы прадпрыемству справіцца з праблемамі. Так, напрыклад, выканана рэструктурызацыя запазычанасці перад ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” на ўмовах пагашэння асноўнай запазычанасці са студзеня 2015 года па ліпень 2016 года і пратэрмінаваных працэнтаў. Адкрыта крэдытная фінансавая лінія ў “Белаграпрамбанку” ў памеры 20 млрд. рублёў пад ільготную працэнтную стаўку.
— Сапраўды, “Ручайка” перажывае не лепшыя часы, аднак я ўсё ж такі шчыра перакананы, што з такім цудоўным, маналітным, працаздольным калектывам можна знайсці выйсце нават з самай складанай сітуацыі. Лічу, што любую праблему можна вырашыць, калі мысліць творча. Трэба імкнуцца аптымізаваць вытворчасць, як бы ні было складана, захаваць работу для людзей. Важна наладжваць і ўмацоўваць  шчыльныя дзелавыя кантакты з нашымі замежнымі аднадумцамі. Напрыклад, з кітайскімі бізнесменамі, якія ахвотна развіваюць прадукцыйнае сяброўства з Брэсцкай вобласцю і  маюць каласальны вопыт і цэлы стос інавацыйных цікавых ідэй, праектаў, валодаюць аднымі з самых перадавых тэхналогій.  Не выключана, што ў выніку такой дзейнасці на прадпрыемстве з’явяцца і новыя, нетрадыцыйныя вытворчасці, якія дазволяць загрузіць работай нават на  дзве ці тры змены ў суткі, — рэзюмаваў Анатолій Ліс.
Губернатар Брэсцкай вобласці ў фармаце “жывога” дыялогу правёў сустрэчу з працоўным калектывам  “Ручайкі”, праінфармаваў прысутных аб сітуацыі ў народнагаспадарчым комплексе вобласці, кампетэнтна адказаў на хвалюючыя пытанні людзей.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Анатолій Ліс знаёміцца з вытворчымі працэсамі ПТФ “Ручайка”.
Фота Ігара СІДАРУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *