День работника связи отмечался в Кобринском районном узле почтовой связи

Цяжка ўявіць наша сучаснае жыццё без работы калектыву РВПС, які старанна ў любое надвор’е выконвае свае абавязкі. Кліенты своечасова атрымліваюць карэспандэнцыю, газеты, часопісы, пасылкі, бандэролі, пенсіі і інш. Несумненна, такую прафесію выбіраюць толькі самаадданыя, шчырыя людзі, якія за даволі сціплую заработную плату спраўляюцца з пастаўленымі задачамі з гонарам і ў тэрмін. Менавіта гэта думка прагучала з вуснаў начальніка Кобрынскага РВПС Наталлі Міхнёнак у час нядаўняга ўрачыстага сходу, які прысвячаўся Дню работнікаў сувязі.
У сваім выступленні Наталля Міхнёнак нагадала гасцям свята і калектыву аб шырокім спектры аптымізацыі мясцовай сеткі паштовай сувязі, аб актыўным развіцці лагістыкі ў арганізацыі. Так, напрыклад, па стане на май 2015 года ўжо 90 населеных пунктаў Кобрыншчыны (больш за палову ад усіх населеных пунктаў раёна) пераведзена на мотадастаўку, што значна паскарае і спрашчае работу паштальёнаў. Істотна мяняецца і стыль работы. Цяпер паслугі пошты аказваюцца не толькі ў офісе, але і на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Ад усяго сэрца павіншаваў паштавікоў з прафесіянальным святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які ўручыў Грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу старшаму інструктару аддзела падпіскі Алене Мінінай.
Таксама прыемную місію выканаў і галоўны рэдактар раённай газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік. Ён аб’явіў вынікі традыцыйнага конкурсу “Лепшы распаўсюджвальнік “КВ” па выніках падпісной кампаніі на другі квартал 2015 года, які праводзіўся пад эгідай рэдакцыі “раёнкі”. Трэцяе месца заняла начальнік аддзялення паштовай сувязі (АПС) в. Пецькі Наталля Ярмалюк. Другое месца — у аператара АПС в. Дзявяткі Наталлі Каральчук. А перамагла ў конкурсе начальнік АПС в. Шамятоўка Алена Кукашук. Кожны з іх ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў грашовыя прэміі і кветкі. Спадзяемся, шаноўныя нашы паўнамоцныя прадстаўнікі, што і надалей наша шчыльнае дзелавое супрацоўніцтва будзе пашырацца, а тыраж “раёнкі” павялічвацца!
Ул. інф.
НА ЗДЫМКУ Рамана МЕЛЬНІКА: Наталля Міхнёнак з калектвам РВПС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *