Сакрэт здароўя ад “Вертыкалі”

Яшчэ ў даўніну славутыя ўрачы і вучоныя ведалі, што самы эфектыўны спосаб падтрымання чалавечага арганізма ў тонусе  — рэгулярныя заняткі фізічнай культурай і спортам. Прыемна тое, што год ад году ў нашай краіне павялічваюцца рады прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, якія ўжо не ўяўляюць сябе без бегу, плавання,катання на каньках, хакея, атлетычнай гімнастыкі ці іншых спартыўных дысцыплін. Менавіта гэтай жа пазіцыі прытрымліваюцца і работнікі выканаўчых і распарадчых органаў улады, якія сёлета,вось ужо адзінаццаты год запар, 23-24 кастрычніка  ў Маларыце прымалі ўдзел у спартакіядзе “Вертыкаль”. На гэта мерапрыемства з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх гаррайвыканкамаў Брэстчыны.

Трэба адзначыць, што невялікі прыгранічны раённы цэнтр з нядаўняй пары атрымаў усе магчымасці для правядзення спаборніцтваў такога высокага ўзроўню. Нагадаем, што літаральна месяц таму тут адбылося святкаванне абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2010”. Маларыцкія вуліцы, фасады дамоў, аб’екты сацыяльнага прызначэння, цэнтр горада набылі сучасны, эстэтычны выгляд. Створаны камфартабельныя ўмовы і для спартсменаў, і для аматараў фізкультуры. Чаго варты новы будынак дзіцячай юнацкай спартыўнай школы, дзе адбываліся асноўныя падзеі “Вертыкалі”. Тут уладкаваны сучасныя залы для атлетычнай гімнастыкі, гульнявых відаў спорту, будуецца прасторны плавальны басейн. Навучальныя ўстановы горада таксама прыстасаваныя для заняткаў фізічнай культурай  усіх узроставых груп насельніцтва.Маларыта гасцінна сустракала кожную  з каманд “Вертыкалі”. Цэнтральныя вуліцы па-святочнаму  былі ўпрыгожаны сцягамі  і тэматычнымі бігбордамі, трансліравалася  музыка. Каманда фізкультурнікаў Кобрынскага раёна прыбыла на спаборніцтвы ў поўным складзе на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама капітанам каманды Алегам Гангалам. Урачыстае адкрыццё спартакіяды адбылося на пляцоўцы каля Маларыцкай ДЮСШ. У спартыўным парадзе прымалі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, кіраўнік Маларыцкага раёна Казімір Лапіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Федарук.

— Прыемна, што за апошнюю пяцігодку да лепшага змянілася псіхалогія жыхароў Брэстчыны ў адносінах да здаровага ладу жыцця, — падкрэсліў у сваім выступленні на адкрыцці “Вертыкалі” Канстанцін Сумар. – Органы выканаўчай улады, зацікаўленыя структуры робяць усё неабходнае для гэтага. У вобласці актыўна ажыццяўляецца будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў, як напрыклад, у Лунінецкім і Івацэвіцкім раёнах. Не загарамі пачатак аналагічных работ у Ганцавічах, Століне і Ляхавічах. А ў горадзе над Бугам зусім хутка плануецца адкрыць Палац  водных відаў спорту з асноўным басейнам на 50 метраў. Важна, што ўсё гэта будзе даступна кожнаму, хто вырашыў усур’ёз заняцца сваім здароўем.  Губернатар падзякаваў гаспадарам за сардэчны прыём каманд, пажадаў удзельнікам поспехаў, выдатнага настрою  і перамогі.

Па традыцыі кожнаму капітану каманд былі ўручаны караваі, прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.Сёлета дысцыпліны “Вертыкалі” засталіся нязменнымі – валейбол, плаванне, велаэстафета, настольны тэніс, стральба з вінтоўкі па віртуальных мішэнях, шашкі, шахматы, дартс,і міні-футбол.Кобрынская каманда, як і заўсёды,  грунтоўна рыхтавалася да гэтых стартаў.Упершыню ўдзельнічалі ў “Вертыкалі” Алег Гангала (велаэстафета, дартс) і Аляксандр Майсяюк (стральба). Спаборніцтвы праводзіліся на базе ДЮСШ, Маларыцкай гімназіі і спартыўных устаноў г. Брэста (плаванне).

Самым цікавым відам праграмы для гледачоў і ўдзельнікаў сталі валейбольныя матчы. Кабрынчане традыцыйна заўсёды з’яўляюцца пераможцамі ці прызёрамі ў гэтай гульні. Сёлета ў склад каманды ўвайшлі Валянцін Трубчык, Васіль Знахарчук, Людміла Захарчук, Аляксандр і Павел Сідзюкі,Мікалай Ралец, Святлана Калтун і Таццяна Хімчанка.Першы сапернік — каманда Баранавіцкага райвыканкама – спачатку прымусіла сур’ёзна пахвалявацца нашых землякоў. Але ўдалося даць дастойны адпор саперніку і перамагчы. У фінале кабрынчане сустрэліся з вопытнейшай камандай аблвыканкама. У выніку напружанай, бескампраміснай гульні нашы землякі ўступілі брэстаўчанам і  занялі другое месца.

Дастойна змагаліся за лідарства нашы шашысты (Аляксандр Агіевіч і Любоў Шугай),  шахматысты (Наталля Мароз і Сцяпан Гучык), тэнісісты (Сяргей Сальянчук і Святлана Аблог), плыўцы (Валянцін Трубчык, Васіль Знахарчук, Мікалай Ралец і Вольга Царэвіч) і інш.

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання кобрынскія валейбалісты былі ўдастоены дыпломаў і медалёў. Пераможцы атрымалі спецыяльныя падарункі ад Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці.

Раман МЕЛЬНІК.

фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Хорошие условия для Вас: Трикотаж оптом от производителя - осенняя распродажа.