Хвалюючая сустрэча з кнiгай

Навукова-тэхнічны прагрэс з кожным днём усё больш трывала ўваходзіць у наша жыццё. Мы ўжо не ўяўляем свайго працоўнага дня без манітора камп’ютара,а адпачынку — без візіту ў інтэрнэт, мы абедаем пад уключаны тэлевізар і марым пад гукі радыёпрыёмніка… Аднак, нягледзячы ні на якія электронныя дасягненні, так хочацца ўзяць у рукі
кнігу — і, як рабілі гэта нашы продкі на працягу стагоддзяў, проста пачытаць, няспешна перагортваючы старонкі…
Менавіта за гэтым кожны дзень людзі прыходзяць у бібліятэку. Сярод іх — дзеці і пенсіянеры, настаўнікі і студэнты, адным словам — людзі самых розных узростаў і сацыяльных катэгорый. Толькі абанементны аддзел сёння прымае каля 100 чалавек у дзень. Што ж яны шукаюць?


— Ведаеце, каб акрэсліць увесь спектр пытанняў нашых наведвальнікаў, мабыць, не хопіць і цэлага дня, — расказвае бібліятэкар аддзела абслугоўвання Тамара Сідзюк. — Кожны знаходзіць сваё… Школьнікі шукаюць творы з вучэбнай праграмы, студэнты — матэрыялы для падрыхтоўкі да сесіі, людзі сталага ўзросту — мастацкую літаратуру для
душы…
Тамара Якімаўна працуе ў сценах Кобрынскай бібліятэкі амаль 40 гадоў. За гэты час змяняліся тэндэнцыі, з’яўляліся новыя патрабаванні, ішло сваёй чарадой жыццё. Нязменным засталося, бадай што, толькі адно — цяга людзей да кнігі.
Карыстаецца папулярнасцю і чытальная зала. Асабліва ў час падрыхтоўкі да сесій — калі тут не проста знайсці вольнае месца.Яно і зразумела — дзе яшчэ можна цалкам і поўнасцю засяродзіцца, як не тут, у цішыні,якая парушаецца толькі ціхім шолахам старонак… А пры жаданні кнігу з чытальнай залы можна ўзяць і дадому — на ноч ці на выхадны дзень. Увогуле, задаволіць свае інфармацыйныя патрэбы ў сценах Кобрынскай раённай бібліятэкі вельмі проста і зручна. Справа ў тым, што ўсе кнігі — а фонд бібліятэкі сёння складае больш за 80 тысяч выданняў — тут падзелены на своеасаблівыя тэматычныя зоны, дзе вельмі лёгка знайсці ўсё неабходнае. А тое, чаго няма, можна заказаць.
Аднак сучасная бібліятэка — гэта не толькі кнігі. Улічваючы патрэбы насельніцтва і згодна з патрабаваннямі часу, сёння тут ёсць усё, што можа дапамагчы ў пошуку неабходнай інфармацыі. Не засталіся ўбаку і аматары электронных сродкаў.
— Укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій — на сённяшні дзень неабходнасць, — адзначае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Галавейка. — Мы маем магчымасць прадаставіць нашым наведвальнікам высакаскорасны інтэрнэт, лакальную сетку, вялікую колькасць інфармацыі на электронных носьбітах — у агульнай колькасці больш за 200 кампакт-дыскаў. У бліжэйшай будучыні будзе створаны наш уласны сайт, дзякуючы якому кожны яго наведвальнік, не выходзячы з хаты, зможа атрымаць доступ да нашага электроннага каталога. Будзе зроблена і віртуальная даведачная служба, якая дазволіць атрымаць любую патрэбную інфармацыю. А яе ў бібліятэцы шмат, прычым — у самых разнастайных формах. Па жаданні наведвальніка можна тут жа, на месцы, скапіраваць патрэбныя даныя на флэшку альбо на дыск, вывесці неабходнае на прынтар,зрабіць ксеракопіі. Акрамя таго, працуе пракат DVD-дыскаў, паслугі электроннай пошты, пераклад і рэдагаванне інфармацыі, фарміраванне пакетаў дакументаў з базы даных «Эталон-WIN»,кансультацыі па рабоце на камп’ютары і многае іншае.

Адным словам — усё і адразу.Бібліятэка сёння — як і ва ўсе часы, з’яўляецца і своеасаблівым культурным цэнтрам. Пры бібліятэках Кобрынскай РЦБС актыўна працуюць 38 аматарскіх аб’яднанняў, у тым ліку 3 клубы сямейнага чытання і 4 лялечныя тэатры. Неадрыўная частка работы — краязнаўчая дзейнасць, працуе гісторыка-краязнаўчы цэнтр «Кобрынскі раён». Традыцыйным стала правядзенне мерапрыемстваў з цыкла «Падарожжа па карце Кобрыншчыны», у якіх асобнае месца займаюць бібліятэкі аграгарадкоў. Рэгулярна праводзяцца тэматычныя праграмы, прысвечаныя памятным датам, і святочныя мерапрыемствы, разнастайныя дзіцячыя конкурсы, працуюць клубы па інтарэсах — усяго не пералічыць. А на гэтым тыдні Кобрынская ЦБС, як заўсёды, запрашае да сябе ўсіх жадаючых павысіць свой культурны ўзровень і проста правесці час з карысцю і задавальненнем.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Обновление и пополнение сканеров лаунч launch.