Кобринщину посетила делегация из Польши

Яскравы танец, мілагучная песня, шчырая ўсмешка і пазітыўны настрой са сцэны… Культурныя здабыткі, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці, межаў, палітычных акалічнасцяў, заўсёды былі добра зразумелымі і даступнымі гледачам. У гэтым мелі магчымасць пераканацца ўдзельнікі міжнароднага форуму, які адбыўся на мінулым тыдні на Кобрыншчыне. Упершыню наш горад наведала дэлегацыя Люблінскага ваяводства (Польшча) на чале з дырэктарам Люблінскага цэнтра культуры, доктарам сацыялагічных навук, дэканам факультэта Хэлмскага ўніверсітэта Артурам Сэмпахам.


Як адзначыла ў інтэрв’ю журналістам галоўны натхняльнік такой сустрэчы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук, мэта такога мерапрыемства — умацаваць добрасуседскія адносіны, а таксама пашырыць рэгіянальнае культурнае супрацоўніцтва. Дзелавое ўзаемадзеянне з палякамі пачалося ў 2012 годзе ў межах Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Падпісаны адпаведныя дагаворы. Дарэчы, шэраг сумесных праектаў паспяхова завершаны, напрыклад, з музеем малой Айчыны ў мястэчку Студзіводы побач з горадам Бельск-Падляскі (Польшча).
— Гэтай восенню пры падтрымцы Еўрапейскага саюза стартуе адпаведны праект, які, спадзяемся, дапаможа рэалізаваць нашы планы. У складзе дэлегацыі больш за 20 кіраўнікоў рэгіянальных Дамоў культуры Люблінскага ваяводства, якія заўсёды гатовыя з задавальненнем абмяняцца прафесіянальным вопытам і ведамі з беларускімі калегамі. Наступную такую сустрэчу жадаем правесці ўжо ў Польшчы, каб нашыя сувязі дынамічна развіваліся, — заявіў у інтэрв’ю журналістам Артур Сэмпах.
Пасля азнаямленчай экскурсіі па Кобрыне ў гарадскім Палацы культуры пачаўся трэнінг “Вопыт і новыя перспектывы польска-беларускага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва” з удзелам кобрынскіх кіраўнікоў устаноў культуры. Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, які падрабязна ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічны і культурны патэнцыял нашага раёна, адзначыў, што Кобрыншчыну штогод наведваюць больш за 3000 гасцей з краін Еўрасаюза. Валянцін Васільевіч нагадаў, што надзейная дзелавая сувязь існуе таксама і з прадстаўнікамі Асацыяцыі народных універсітэтаў Германіі (“Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.), фондам ААН у сферы народанасельніцтва па праблемах гендэрнай роўнасці. Такім чынам, кабрынчанамі напрацаваны пэўны міжнародны камунікацыйны вопыт, які дазволіць у перспектыве наладзіць сістэмнасць у сумеснай рабоце з польскім бокам.
На трэнінгу выступілі дырэктар метадычнага цэнтра Вольга П’янцава па пытанні вопыту рэалізацыі культурных праектаў у Беларусі, намеснік дырэктара Дэпартамента рэгіянальнай палітыкі Люблінскага ваяводства Караліна Матрас па тэме “Інструменты фінансавання культурных праектаў польска-беларускага супрацоўніцтва”, а таксама малады спецыяліст Хідрынскага Дома культуры Сняжана Маркоўская, якая прапанавала прысутным прэзентацыю, прысвечаную вольнаму часу моладзі і Першаму адкрытаму рэгіянальнаму марафону маладзёжнай творчасці “Лета-2015”, які плануецца правесці сёлета ў Кобрыне.
Удзельнікі сустрэчы наведалі выставу народнай творчасці майстроў Кобрынскага раёна і Люблінскага ваяводства, а таксама паглядзелі канцэрт самадзейных артыстаў з Польшчы і Кобрыншчыны.
Пасля заканчэння выступленняў Артур Сэмпах высока ацаніў намаганні нашых творчых работнікаў.
— Беларуская культура — цікавая і дынамічная, шчырая і багатая. Яна вельмі блізкая для палякаў. Мая мара — каб і у будучыні нашы сустрэчы праходзілі ў такой жа сардэчнай і добразычлівай атмасферы. Каб творчасць і сяброўства ніколі не ведалі межаў.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *