Кобринчанин Александр Романюк участвовал в ликвидации последствий Чернобыльской аварии

Конь, які ходзіць адзін па бязлюдных вясковых вуліцах. Самі вёскі, дзе няма аніводнага агеньчыка сярод ночы. “КамАЗ”, даверху наладаваны простым скарбам перасяленца. І пасярод гэтага скарбу – жывая карова разам з варотамі ад загарадзі, дзе яна калісьці стаяла.

— Для мяне Чарнобальская трагедыя найперш малюецца гэтымі вобразамі, – гаворыць былы начальнік аддзела транспартных перавозак аўтапарка № 16 Аляксандр Раманюк, які ў той час прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы.
Займаліся тым, што ў населеных пунктах Гомельскай вобласці, якія знаходзіліся не бліжэй 30 кіламетраў ад Чарнобыля, праводзілі рэкультывацыю. У Хойніках, Брагіне, Нароўлі, пасёлках і вёсках здымалі верхнія ўрадлівыя слаі зямлі, прыбіралі агароджы, штыкетнікі, разбіралі дахі і адвозілі ў спецыялізаваныя могільнікі, якія знаходзіліся на вялікай адлегласці. Назад завозіліся новыя матэрыялы, бясконца ішлі машыны з “чыстай” зямлёй.
— Паўсюдна панавалі строгая дысцыпліна, парадак, канкрэтны расклад дзеянняў і аперацый, — працягвае Аляксандр Сцяпанавіч, які непасрэдна арганізоўваў самі перавозкі, забяспечваў транспартам ліквідарараў. – Штодзённа трымалі справаздачу, кожны ведаў свой участак работ. Людзей і машыны пастаянна правяралі дазіметрамі, але нам ніколі не абвяшчалі паказчыкаў прыбораў… Машыны выдзяляліся з Пінска, Баранавіч, толькі з нашага Кобрына тады працавалі 28 вадзіцеляў. Наколькі складана было збіраць калоны? У той час была адзіная каманда: “Трэба!”
Працавалі вахтавым метадам, кожная брыгада адпраўлялася на месячны тэрмін. Адзін месяц адбыў на ліквідацыйных работах і сам Аляксандр Раманюк.
Хутка тры дзесяцігоддзі, як здарыліся тыя трагічныя падзеі. І хтосьці, магчыма, сёння махне рукой: ці варта было так намагацца? Ці не закапалі ў зямлю мільярды грошай? Але і сёння Аляксандр Сцяпанавіч упэўнены: тыя вялізныя высілкі і затрачаныя сродкі не былі дарэмнымі. Яны аднаўлялі частку Радзімы, сваю Беларусь. Адноўленая ж зямля заўсёды аддзячыць. Рана ці позна.
Ігар СІДАРУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *