Место работы — на вес золота

Менавіта гэтая думка прагучала з вуснаў старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі ў час чарговага асабістага прыёму грамадзян, які адбыўся ў красавіку. Старшыня райвыканкама адзначыў, што працаўладкаванне  знаходзіцца на верхняй прыступцы ў рэйтынгу сярод самых злабадзённых пытанняў, з якімі да яго звяртаюцца жыхары Кобрыншчыны. Аналагічная праблема турбавала маладую пару, якая шукала падтрымкі ў кіраўніка раёна.

Раней мужчына працаваў на інструментальным заводзе “СІТОМА”, але звольніўся, паколькі яго не задавальняла заработная плата. Цяпер актыўна шукае іншую работу. Па спецыяльнасці заяўнік – электрык і механізатар. Дзяўчына мае прафесію швачкі і таксама шукае годнае працоўнае месца.
Начальнік аддзела занятасці райвыканкама Ірына Кузіч, якая таксама прымала ўдзел у прыёме грамадзян, праінфармавала прысутных аб наяўнасці для іх як мінімум трох вакансій. Напрыклад, маладому чалавеку было прапанавана месца трактарыста-машыніста ў ААТ “Гарадзец-агра”. Заяўленая наймальнікам сума першапачатковага заробку склала 5300000 рублёў у месяц, што, згадзіцеся, не так і мала для Кобрына. Ёсць магчымасці для павышэння кваліфікацыі і  кар’ернага росту. Акрамя гэтага, для перспектыўных кадраў у аграхолдынгу прадугледжваецца выдзяленне службовага жылля, што вырашае цэлы шэраг надзённых праблем для маладой сям’і з горада.
Старшыня райвыканкама заўважыў, што да прыняцця актыўных дзеянняў беспрацоўных падштурхоўвае  не толькі адсутнасць рэгулярнага заробку, але і Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства”, які прадугледжвае грашовы збор з тых грамадзян, хто не ўдзельнічае належным чынам ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Тым не менш, падкрэсліў кіраўнік раёна, некаторыя мясцовыя жыхары нават і ў склаўшыхся ўмовах не прытрымліваюцца свайго месца працы. Нярэдка “кульгае” і працоўная дысцыпліна.
— У час інспектавання выяўляю, напрыклад, у СВК “Навасёлкаўскі” нецвярозых працаўніц малочнатаварнай фермы. А грамадзяне Украіны, якія прыехалі не ад добрага жыцця ў нашу краіну, 24 гадзіны плённа і старанна працуюць на гэтым жа аб’екце і за гэтыя ж грошы. Нядзіўна, чаму некаторыя наймальнікі ўжо наадрэз адмаўляюцца ад запрашэння на работу карэнных жыхароў і жадаюць бачыць у калектыве нават в’етнамскіх гастарбайтараў, — рэзюмуе Аляксандр Зазуля.
Таксама кіраўнік раёна звярнуў увагу на тое, што далёка не кожны з наймальнікаў своечасова прадастаўляе ў аддзел занятасці райвыканкама актуальную інфармацыю аб наяўнасці вакансій. Сучасны рынак працы павінен быць цэнтралізаваным, празрыстым і цывілізаваным.
Да Аляксандра Зазулі звярталіся жыхары Кобрыншчыны з пытаннямі прадастаўлення і прыватызацыі жылля, асаблівасцях пажаранебяспечнага перыяду і інш. Кожны з заяўнікоў атрымаў кампетэнтны адказ.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *