Акция «Светлый праздник Пасхи» прошла на Кобринщине

…Напярэдадні Вялікадня міжволі хочацца зрабіць нешта добрае і светлае. Прыкладна такі настрой панаваў у час акцыі “Светлае свята Вялікадня”, якая традыцыйна праводзіцца супрацоўнікамі Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры спонсарскай падтрымцы Кобрынскага хлебазавода для адзінокіх пенсіянераў, якія знаходзяцца на надомным сацыяльным абслугоўванні.
Першы прыпынак на нашым святочным маршруце – невялічкі дамок па вуліцы Пралетарскай. Разам з інспектарам па асноўнай дзейнасці Інай Карпінчык, а таксама сацыяльнымі работнікамі Верай Здановіч і Марыяй Бальшаковай заходзім у чысценькія сенцы. А вось і гаспадыня – Ірына Ефімук, якая, дарэчы, праз некалькі тыдняў адзначае сваё 95-годдзе. У яе жыцці было ўсё: вайна, работы ў Германіі, сталінскія рэпрэсіі, прыгавор да вышэйшай меры, якую пасля смерці Сталіна замянілі на шматгадовае пазбаўленне волі, доўгі тэрмін “ад званка да званка”, рэабілітацыя… І нават пазнаўшы, здаецца, усе магчымыя колы пекла, яна не страціла чуласці і дабрыні, з якой сёння і сустракае гасцей.
— Дзякуй вам, мае даражэнькія, за ўсё. Шчасця, міру вам і вашым дзеткам. І беражыце ўсё тое, што маеце: сваю краіну, сваё мірнае жыццё. Паверце – гэта на самай справе вялікая, неверагодная каштоўнасць.
Такая ж шчырая атмасфера сустрэла нас і ў наступным доме – на гэты раз па вуліцы Чырвонаармейскай, дзе святочныя віншаванні і велікодны куліч знайшлі Еўдакію Пархач – ёй на сённяшні дзень споўнілася 85 гадоў. Слова за словам – і, нібыта кадры кінахронікі, прабягае перад вачамі ў няспешнай душэўнай гаворцы і няпростае жыццё, і сапраўднае вялікае каханне, і поздняе, але такое чыстае шчасце, водбліскі якога і сёння відаць і ў шчырай усмешцы, і ў дабрыні, якая засталася з намі пасля візіту.
На цёплай душэўнай ноце мы развітваемся з Еўдакіяй Ерамееўнай — у супрацоўнікаў Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання наперадзе новыя адрасы і новыя людзі, якія чакаюць увагі, дапамогі і дабрыні. Здавалася, што пасля шэрагу гэтых сустрэч усім нам нават стала лягчэй дыхаць – такімі чыстымі і пазітыўнымі аказаліся эмоцыі гэтага ранку. А можа, проста у гэтыя перадсвяточныя веснавыя дні разам з прыродай абуджаецца ад зімовага сну і наша душа – і, шчаслівая ад усведамлення ўсёй гэтай прыгажосці, спяшаецца падзяліцца з кім-небудзь сваім цяплом.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *