Кобринские футболисты вышли на профессиональный уровень

У пачатку бягучага года ФК “Кобрын” рэарганізаваўся ў СК “Кобрын”. Усяго адна літара змянілася ў назве, але пацягнула за сабой цэлы ланцужок перамен. Футбольны клуб стаў спартыўным, а гэта значыць, цалкам змяніў свой статус. З чым звязаны такія падзеі, нам расказаў дырэктар спартыўнага клуба “Кобрын” Кірыл Кудзей.

— Кірыл Генадзьевіч, чым абумоўлены перамены?
— Па выніках чэмпіянату па футболе 2014 года і ў сілу пэўных абставін нам выдалася магчымасць гуляць у 1-й лізе. А гэта ўжо прафесіянальны ўзровень.  Тут зусім іншыя патрабаванні. Стварэнне спартыўнага клуба абмяркоўвалася з мясцовымі ўладамі, яны падтрымалі нашу ідэю.
— На сучасны момант, што ўяўляе з сябе СК “Кобрын”?
— Штат нашага клуба складаюць 7 чалавек: урач, масажыст, бухгалтар і трэнеры. Усе маюць адпаведную кваліфікацыю, гэта адна з умоў атрымання ліцэнзіі.  Каманда пакуль не ў поўным складзе. Хачу адзначыць, што асноўны касцяк ігракоў ФК “Кобрын” застаўся. Усяго ж заяўлена 30 чалавек. Наш юрыдычны адрас: вул. Беларуская, 59.
— Ёсць меркаванне, што ў новай камандзе пераважна брэстчане, некаторыя нават называюць клуб брэсцкім. Што вы скажаце з гэтай нагоды?
— У складзе каманды  засталіся  кобрынскія футбалісты, якія гулялі за ФК “Кобрын”: Сяргей Брыштэн, Аляксандр Саўчук, Сяргей Марчук, Дзмітрый Яцкевіч, Дзмітрый Карпінчык, Аляксей Дудараў. Прыйшлі маладыя футбалісты – Уладзіслаў Дацэнка, Аляксандр Якубук. Мы павінны годна прадставіць сябе ў першай лізе чэмпіянату, а дзялення па месцы жыхарства  ў нас няма. Пры фарміраванні каманды аддаем перавагу прафесіяналізму і апантанасці футболам.
— Кірыл Генадзьевіч, раскажыце аб перспектывах  клуба?
— Мы знаходзімся на стадыі станаўлення. Каманда пакуль паўпрафесіянальная. З-за адсутнасці грашовых сродкаў нашы футбалісты не могуць пакінуць свае рабочыя месцы і займацца выключна футболам. Зараз мы актыўна шукаем партнёраў. Будзем зарабляць і самі. Сродкі ад рэалізацыі білетаў ідуць на патрэбы клуба. Наша задача сёння – прыцягнуць на стадыёны гледачоў. Мы плануем развіваць рэкламу, распрацоўваем атрыбутыку з нашай сімволікай, якая будзе даступна ў продажы.
— Хутка адкрыццё футбольнага сезона. Як вы рыхтуецеся да яго?
— У першую чаргу, старанна трэніруемся, 5-6 разоў на тыдзень. Трэніроўкі праходзяць у Брэсце і Кобрыне. Калі раней мы маглі трэніравацца паасобку, цяпер гэта выключаецца. Толькі ўсе разам. Рыхтуемся да сезона пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Сяргея Козака, які мае выдатную гульнёвую практыку, у свой час скончыў  Валгаградскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Пакуль удзельнічаем  у таварыскіх турнірах. 3 разы згулялі з футбольнай камандай “Дынама-дубль” (Брэст), памераліся сіламі з футбалістамі з Бярозы і іншымі камандамі.
— А самі плануеце выходзіць на поле?
— Калі будзе такая магчымасць, абавязкова. Я рэгулярна ўдзельнічаю ў трэніроўках нараўне з футбалістамі. І нашы трэнеры таксама.
— Ці падтрымлівае вас суполка кобрынскіх фанатаў, якія так заўзята “балелі” за ФК “Кобрын”?
— Улічваючы, што склад каманды ў асноўным застаўся ранейшым, фанаты нас падтрымліваюць. Мы, у сваю чаргу, ставімся да іх з павагай. Уся атрыбутыка спартыўнага клуба “Кобрын” абмяркоўвалася з імі. Без фанатаў няма футбола.
Гутарыла Людміла ДУБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *