На Кобринщине состоялся районный этап конкурса «Молодой учитель Брестчины»

У дадзеным выпадку “дзявятка” – зусім не адзнака, паколькі ўсе ўдзельнікі конкурсу сапраўды заслужылі за сваё майстэрства толькі самых высокіх ацэнак. Менавіта столькі прадстаўнікоў школьнай інтэлігенцыі выказалі жаданне заявіць аб сабе ў раённым этапе сёлетняга конкурсу маладых педагогаў “Малады настаўнік Брэстчыны”.
“Вучы не толькі розумам, але сэрцам і душой”, “Веды – важная справа, чалавечнасць – утрая”, “Настаўнік сапраўды ад Бога, калі ў жыццё кладзе дарогу” – пад такімі добрымі дэвізамі праходзілі выступленні канкурсантаў. Хтосьці трымаўся упэўнена, хтосьці хваляваўся, магчыма, болей, чым на сваім першым адкрытым уроку. Але было бачна: кожны з гэтых маладых людзей сапраўды выбраў работу з дзецьмі па прызванні. Кожнага з іх вядуць па жыцці натхненне і любоў да школы, жаданне падзяліцца запасам ведаў і вопыту, імкненне зрабіць гэты свет лепшым.
Вось іх імёны: настаўнік рускай мовы і літаратуры Астроміцкай СШ Вольга Балабанава, настаўнік англійскай мовы СШ № 8 Ала Блядай, настаўнік англійскай мовы дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 Юлія Гугнюк, настаўнік фізічнай культуры Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Раман Дрык, настаўнік інфарматыкі і фізікі СШ № 6 Віктар Жуковіч, настаўнік пачатковых класаў Лукскай СШ Алена Лазарчук, настаўнік замежных моў СШ № 3 Марына Палявода, настаўнік англійскай мовы Дзівінскай СШ Марыя Ракіціна і настаўнік англійскай мовы СШ № 1 г. Кобрына Ірына Трухановіч.
І ўсё ж такі фартуна перамогі ўсміхнулася на гэты раз абаяльнай Марыне Паляводзе, якая паказала лепшы агульны бал сярод усіх канкурсантаў. Агульная адзнака выводзілася найперш па выніках конкурснага паказальнага ўрока і яго аналізу. Марына заваявала права прадстаўляць Кобрыншчыну ў занальным адборачным этапе абласнога конкурсу.
Усе ўдзельнікі атрымалі Ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі. Ад імя ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і настаўнікаў Кобрыншчыны іх шчыра павіншавала начальнік упраўлення Галіна Радковіч.
Ігар ФЕДАРОВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: пераможца раённага этапа конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” настаўнік замежных моў СШ № 3 Марына Палявода.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *