Воспитанники Кобринского районного центра детского творчества получили очередную награду

З прыемнай падзеі пачаўся рабочы дзень 24 сакавіка  ў Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. З віншавальным візітам сюды завіталі супрацоўнікі аддзела ДАІ Кобрынскага  РАУС на чале з начальнікам Сяргеем Бычкоўскім. Нагодай для віншавання стаў паспяховы ўдзел выхаванцаў цэнтра ў дзіцячым абласным  творчым конкурсе дзяржаўтаінспекцыі “Бяспечныя дарогі дзяцінства”.

“Наша структура актыўна вядзе работу па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў сярод дзяцей. Конкурсы – адна з форм.  Прыемна, што работа кабрынчан прызнана лепшай і ў нас такія таленавітыя дзеці”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч перад узнагароджаннем.
“Віноўнікамі ўрачыстасці” сталі Аляксандр Папоў, Юлія Новік і Марына Верас – выхаванцы гуртка “Бісерапляценне”, кіраўніком якога  ўжо дзевяць гадоў з’яўляецца Ірына Сямашка. Менавіта яна, як прызналіся дзеці, натхніла іх на работу і ўдзел у конкурсе.
Высокую ацэнку журы атрымаў самы важны атрыбут парадку на дарогах – святлафор. Яго юныя ўмельцы зрабілі з бісеру. Як заўважыла Ірына Канстанцінаўна, па умовах конкурсу работа павінна была быць не меней за 40 сантыметраў, а бісерапляценне  не прадугледжвае вялікіх форм. Параіўшыся, вырашылі спалучыць некалькі тэхнік.
Дыпломы кожнаму ўдзельніку, салодкі прэзент у выглядзе торта-святлафора і добры настрой сталі выдатным вынікам дзіцячай ініцыятывы і стараннасці.
Людміла Дубіна
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *