Сразу две выставки организовали в Кобринском РЦДТ

Адразу дзве выставы арганізавалі ў Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці ў сярэдзіне сакавіка. У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі тут распачала работу экспазіцыя “Салют, Перамога!” Другая выстава — “Каб сонейка смяялася” — падрыхтавана ў межах раённага фестывалю дзіцячай творчасці “Сузор’е маленькіх талентаў”.

Шматлікія малюнкі, вырабы з другаснай сыравіны, прыроднага матэрыялу, паперы і тканіны ўражваюць наведвальнікаў багаццем фантазіі аўтараў.
“Мы планавалі арганізаваць выставы выяўленчага мастацтва, але ўстановы адукацыі горада і раёна  праявілі ініцыятыву, прадставіўшы работы і іншага накірунку”, — расказвае загадчык аддзела выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці  Кобрынскага РЦДТ Аксана Страчук.
Работы, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю, уражваюць глыбінёй аўтарскіх  пачуццяў. Падоўгу затрымлівае ўвагу кампазіцыя “Вайна і мір”. Гэта своеасаблівая 3D карцінка, якая дае магчымасць пранізаць час, трапіць з ваеннага ў мірнае жыццё. Адразу некалькі тэхнік спалучылі ў рабоце яе аўтары — кіраўнік  гуртка “Майстар Дамавёнак” Кобрынскага РЦДТ Святлана Крачына і выхаванка гуртка Валерыя Кірыеўская. Прыцягвае ўвагу і ордэн Вялікай Айчыннай вайны, выкананы ў тэхніцы арыгамі.
Не менш цікавыя работы ў выставе “Каб сонейка смяялася”. Асабліва шырока тут прадстаўлены саламяныя вырабы дзівінскай майстрыхі Юліі Піваваравай.
У выставачнай зале экспазіцыі размясціліся адна насупраць другой. Проціпастаўленне  з’яў – міру і вайны —  з большай сілай адлюстроўвае увесь жах кровапраліцця.
Зараз выставы працуюць у актыўным рэжыме. Як адзначыла Аксана Васільеўна, пакуль ёсць попыт, работа іх працягнецца.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *