Состоялось награждение олимпиадников Кобринщины

Урачыстасць, прысвечаная ўзнагароджанню пераможцаў трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, ладзілася нядаўна ў Кобрынскім Палацы культуры. Навучэнцы, настаўнікі, бацькі – усіх аб’яднала пачуццё радасці і задаволенасці ад сумесна дасягнутых вынікаў. Штодзённая шчырая праца дала адпаведны плён.
Пасведчанне аб узнагароджанні другой прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў вучаніцы 11 класа ДУА “СШ № 7 г. Кобрына” Надзеі Вашчонак уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Ён жа ўзнагародзіў Надзею і дзесяцікласніка гарадской гімназіі Дзмітрыя Грыкеня прэміямі Кобрынскага райвыканкама першай ступені. Адпаведнымі прэміямі, але другой ступені былі ўзнагароджаны: Ганна Блядай — па матэматыцы, Раман Ляўчук — па грамадазнаўстве, Таццяна Новік — па гісторыі, Марына Петрачэнка — па біялогіі. Прэміі трэцяй ступені па разнастайных прадметах атрымалі 18 навучэнцаў раёна.
Ад імя алімпіяднікаў словы падзякі ў вершаванай форме ўласнага сачынення выказала пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па хіміі 2014 года Надзея Вашчонак.
Пісьмы падзякі 23 настаўнікам, чые навучэнцы сталі пераможцамі алімпіяд, уручыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч.
Галіна Уладзіміраўна выказала словы ўдзячнасці педагогам за тое, што яны знайшлі і выхавалі такіх “зорачак”.
— Мне б хацелася, каб творчы працэс быў пастаянным, каб наша кобрынская зямля толькі большала творчымі педагогамі і “зорачкамі”, якія будуць загарацца на нашым небасхіле. Дзякуй за працу і творчы пошук, — адзначыла Галіна Радковіч.
Ад імя педагогаў слова ўзяла настаўніца рускай мовы і літаратуры Астроміцкай сярэдняй школы Ларыса Гурыш.
Маці пераможцы алімпіяды Наталля Бакацюк пажадала алімпіяднікам не спыняцца на дасягнутым, ставіць новыя мэты, пакараць новыя вяршыні.
Ірына ЛЕСІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *