Для цела і душы

Нядаўна на базе Кобрынскага аквапарка пад фірмай “Koroleva-BY” быў праведзены практычны семінар, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі вядучых санаторна-курортных устаноў Брэстчыны. Сваё майстэрства дэманстравалі вопытныя прафесіяналы ў сферы SPA з Мінска.


Абрэвіятура SPA ўтворана ад лацінскага “Sanus per Aquam” ці “Sanitas pro Aqua” (здароўе пры дапамозе вады ці здароўе праз ваду). Яшчэ старажытныя рымляне для паляпшэння самаадчування выкарыстоўвалі тэрмальныя крыніцы і ванны, а егіпцяне націралі скуру нільскай граззю і рабілі масажы духмянымі алеямі. Сёння SPA – аздараўленчы комплекс працэдур з выкарыстаннем мінеральнай ці марской вады, водарасцяў, солі, лячэбных гразяў, гаючых раслін, з масажным уздзеяннем на арганізм. Інтэр’ер у працэдурных кабінетах SPA ствараецца асобы – заспакаяльная музыка, прыемныя водары, дызайнерскае эстэтычнае афармленне пакояў і інш.
Адзін з прызнаных у Беларусі спецыялістаў у гэтай сферы — Дзмітрый Галяк. Па адукацыі ён медык і працуе масажыстам у элітным сталічным салоне “Ітэра” дзесяць гадоў, стажыраваўся ў краінах замежжа. Дзмітрый паведаміў, што SPA можна паспяхова прымяняць не толькі для карэкцыі жаночай фігуры, але і для паляпшэння фізічнага здароўя мужчын, зняцця мышачных блокаў і нервовага напружання.
Урач–фізіятэрапеўт аквапарка Сяргей Снітко сведчыць, што SPA-працэдуры акывізуюць працэсы абмену рэчываў у арганізме, паляпшаюць кровазварот, выводзяць таксіны і шлакі, паляпшаюць агульнае самаадчуванне. Скура становіцца мяккай, набывае тонус і насычаецца жыццёвай энергіяй. SPA таксама дапамагае людзям, якія пакутуюць ад захворванняў сардэчна-сасудзістай і цэнтральнай нервовай сістэм, маюць парушэнні апорна-рухальнага апарата. Акрамя гэтага, спецыялізаваныя працэдуры могуць спрыяць хутчэйшай посттраўматычнай рэабілітацыі пацыентаў.
Дырэктар Кобрынскага аквапарка Вадзім Кахноўскі не выключае магчымасці на базе яго ўстановы ўкараніць і развіваць такі від аздараўленчых паслуг. Тым больш, гэта дазваляе ажыццявіць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база аквапарка. Вырашыцца і кадравае пытанне. Адміністрацыя фірмы “Koroleva-BY” дала згоду на навучанне кобрынскіх спецыялістаў па масажы ў сталічных салонах. Па афіцыйнай інфармацыі, першыя SPA-працэдуры ў Кобрыне будуць наладжаны ўжо гэтым летам.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: у Кобрынскім аквапарку праводзіцца майстар-клас па SPА-працэдурах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *