На Кобринщине начали сев яровых

Ранак сакавіка выдаўся па-вясноваму халаднаватым. Але чым вышэй падымалася сонейка, тым цяплей рабілася паветра. Каб прыняць першыя зярняткі, грэлася ў сонечных промнях астроміцкая зямля.

Дагледзеўшы хатнюю гаспадарку, Мікалай Цямчык заспяшаўся на работу. Нягледзячы на прыхапіўшую валасы сівізну, механізатар па-маладзецку агледзеў свой “Джон Дзір” і ўзяўся за працу. Сёння, карыстаючыся добрым надвор’ем, працаваць ён будзе да самага вечара.

…І вось адборнае збожжа, будзячы сакавіцкім ранкам глебу, пачало класціся ў зямлю. Хутка авёс прачнецца першымі парасткамі, набярэцца і паспее.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Астромічы” — адна з першых гаспадарак у раёне, якая распачала сяўбу яравых. Галоўны аграном Уладзімір Сідарук расказаў, што добрае надвор’е дазволіла пачаць пасяўную 3 сакавіка. А гэта значна раней, чым было ў папярэднія гады. Авёс, ячмень, зернебабовыя, пшаніца, кукуруза, бульба, цукровыя буракі — усё гэта плануюць пасадзіць і пасеяць у гаспадарцы.

— Настрой у мяне добры, ды і надвор’е спрыяе сяўбе, — гутарыць з намі Мікалай Цямчык, неаднаразовы “тысячнік” па намалоце збожжавых. — Дай божа, каб такое надвор’е было даўжэй.

Гонкія бярозы абступілі поле, промні сонца аблашчылі зярняткі, што чакаюць сваёй “пасяўной” чаргі. Цёпла і па-гаспадарску ўсміхаюцца Уладзімір Сідарук і Мікалай Цямчык. Вясна будзе ладная!

Ірына ЛЕСІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *