Конкурсное шоу «Мисс весна-2015» состоялось в Залесье

7 сакавіка спяшаліся вяскоўцы ў Залескі сельскі Дом культуры на конкурснае шоу “Міс Вясна-2015”.  Арганізатарамі мерапрыемства выступілі загадчык Закросніцкага сельскага клуба Аляксандр Гладзько і супрацоўнікі Дома культуры на чале з дырэктарам Раісай Мацукай.

За званне “Міс Вясна–2015” змагаліся 6 вясковых прыгажунь: Юлія Луніна, Надзея Крачка, Наталля Гурская, Марына Пакалюк, Анастасія Трушко і Арына Рубель. Усе дзяўчаты вучацца ў старэйшых класах Залескай сярэдняй школы. Самую прыгожую і таленавітую “залесачку” вызначала кампетэнтнае журы пад старшынствам дырэктара раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Вольгі П’янцавай.
Юныя прыгажуні ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах. Праз візітку “З першага погляду” гледачы даведаліся, чым жывуць дзяўчаты ў рэальным жыцці. Дэфіле касцюмаў з падручных сродкаў засведчыла, што яны сапраўдныя майстрыхі. Уразілі гледачоў бальныя сукенкі з цэлафанавых мяшкоў, паветранай тканіны, лёгкія сукенкі з папяровых і тканых шматкоў. Не менш цікавым быў выхад канкурсантак у дзелавым адзенні. Паспяхова справіліся дзяўчаты  з дамашнім заданнем. На конкурс “Гаспадыня” яны прадставілі фантастычныя дэсерты, а Надзея Крачка авалодала нават сакрэтамі японскай кухні і згатавала сушы. Акрамя здольнасцяў практычнага характару, удзельніцы прадэманстравалі і творчы патэнцыял. Спевы, танцы, чытанне вершаваных твораў – гэтым жанрам аддалі перавагу дзяўчаты.
Мяне зацікавіў конкурс “Хачу ўсё ведаць”. Пытанні, якія падрыхтавала для канкурсантак бібліятэкар Ірына Пакалюк, датычыліся гісторыі вёскі Залессе. 451 год налічвае яе біяграфія. Юбілейную дату – 65-годдзе —  адзначыць сёлета Залеская сярэдняя школа. Прыемна, што юныя вяскоўцы ведаюць гэта і многае іншае з гісторыі сваёй малой радзімы.
Ва ўсёй сваёй жаноцкай прыгажосці ўдзельніцы з’явіліся ў час конкурсу “Вячэрні праменад”. Дэфіле ў вячэрніх сукенках стала фінальным этапам спаборніцтва.
Мела рацыю Вольга П’янцава, калі перад агучваннем вынікаў заўважыла, што няважна, які тытул атрымаюць удзельніцы, усе яны выступілі годна, а званні – толькі адценні іх прыгажосці. Адразу двума тытуламі была адзначана Надзея Крачка — “Міс сімпатый гледачоў” і “Міс Элегантнасць”. “Міс Сяброўства” атрымала  Юлія Луніна, “Міс Зачараванне” – Арына Рубель. У Анастасіі Трушко – “Міс Фотагенічнасць”. Наталля Гурская заваявала тытул “Віцэ-міс–2015”. Самай прыгожай і таленавітай “залесачкай” была прызнана Марына Пакалюк, яна атрымала запаветную карону і тытул “Міс Вясна–2015”.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *