В семье Вадима и Надежды Макарук всё основано на любви

Артыкул 32. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Гледзячы на маладую і дружную шматдзетную сям’ю Макарукоў, зусім не скажаш, што Вадзім і Надзея 15 гадоў як разам. Але гэта сапраўды так. Карэнныя кабрынчане, тут яны пазнаёміліся, узялі шлюб. Неўзабаве нарадзіўся старэйшы сын Данік, праз некалькі гадоў – дачка Насця. А ў пачатку года бягучага, якраз на стары Новы год, 13 студзеня, у дом Макарукоў прыйшла яшчэ адна радасная навіна: на свет з’явілася маленькае сонейка Палінка. Вось так, у промнях радасці, прыемных клопатаў і ўзаемных павагі і любві бяжыць жыццё гэтай шчаслівай сям’і.
Артыкул 21. …Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.
Бяжыць жыццё ў доме па вул. Інтэрнацыянальнай, які яны купілі ў свой час і, узяўшы крэдыт на рэканструкцыю, давялі да ладу, абсталявалі тры ўтульныя пакоі, дзе ў кожнага ёсць свой уласны куток.
— Праўда, апошнім часам месца ўжо і не хапае! – смяюцца маладыя бацькі. – Таму часцяком задумваемся, ці не пара пашырацца.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
У школу старэйшыя дзеці ходзяць без бацькоў. Самастойныя. Данік вучыцца ў 7 класе СШ № 8, вельмі любіць урокі беларускай мовы і літаратуры. А вось другакласніца Настасся аддае перавагу матэматыцы, з імпэтам вырашае розныя складаныя задачкі. Ну, а самая маленькая Палінка вырашае пакуль задачку нашмат прасцей: як смачненька падсілкавацца да міла ўсміхнуцца ў адказ на такую ж шчырую ўсмешку матулі.
— Добра, што з’явілася такая льгота, як мацярынскі капітал, — заўважаюць мае субяседнікі. – Абавязкова ёю скарыстаемся. Як і іншымі льготамі, якія дзяржава прадастаўляе шматдзетным сем’ям.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека.
…Калі ж надыходзіць чарговая раніца, тата Вадзім збіраецца на работу. Ужо не першы год з дасканаласцю і душой выконвае ўвесь спектр абавязкаў слесара па абслугоўванні халадзільнікаў і кандыцыянераў у канцэрне “Беларуснафта-прамсэрвіс”. Мама Надзя – па прафесіі кандытар хлебазавода. Але роднае прадпрыемства пакуль пачакае: сёння найпершы клопат – пра дзяцей. У сям’і, дзе пануе толькі адзін закон: каханне, павага, спагада.
НА ЗДЫМКУ: сямейнае фота Макарукоў.
Тэкст і фота Ігара СІДАРУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *