Кобринчанин Владислав Покалюк свою жизнь хочет связать с музыкой

Удзельнікам узорнай вакальнай студыі “Крыніца” Уладзіслаў Пакалюк стаў два гады назад. “Бацькі не падзялялі майго жадання займацца музыкай, бачылі мяне ў спорце”, — пачаў апавядаць юнак. Спартыўныя здольнасці ў хлопца і сапраўды нядрэнныя. Ён добра гуляе ў валейбол, 8 гадоў займаўся ў Кобрынскай КСДЮШАР у секцыі па футболе.

У вакальную студыю трапіў пасля адпачынку ў летнім лагеры “Гуртковец”, які быў арганізаваны пры Доме творчасці юных.
— Праявіў ініцыятыву паўдзельнічаць у конкурсе “Містар летніка-2012”. А там трэба было паказаць творчы нумар. Вось мы і праспявалі дуэтам з Анастасіяй Крупко.
Уладзіслаў прызнаўся, што выхад на сцэну яго ўразіў намнога больш, чым заваяванне вышэйназванага тытула.
Тады ж цвёрда вырашыў, што пачне займацца музыкай. Пад кіраўніцтвам Аксаны Амельянюк пачаў вывучаць вакальную грамату.
Удзел у разнастайных конкурсах – своеасаблівая праверка ведаў. У 2013 годзе ён заняў трэцяе месца ў міжраённым фестывалі-конкурсе “Музычная карусель”, які праходзіў у Бярозе. Адразу некалькімі перамогамі адзначаны для маладога спевака мінулы год. У фестывалі маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух” ён заняў першае месца ў намінацыі “Саліст”, а ў раённым конкурсе  «Парад талентаў” быў трэцім.
На конкурс юных вакалістаў «Звонкая раніца» Уладзіслаў Пакалюк трапіў пасля сур’ёзнага адбору — з 369 кандыдатаў  трапілі ў праект толькі 42. Паспяхова закончыліся для нашага земляка і ўсе 3 конкурсныя туры.
Асаблівыя ўражанні Уладзіслаў атрымаў ад фіналу, які праходзіў  з 10 па 30 студзеня 2015 года ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
— Мы стаім на сцэне ў чаканні вынікаў. Безумоўна, хвалюемся, — расказвае Уладзіслаў. — У думках я прыкінуў, колькі балаў набраў, таму што ўсё выводзілася на табло. Калі агучылі дзясятку пераможцаў, я здзівіўся. У апошняга ўдзельніка колькасць балаў была меншай, чым у мяне.  На выпраўленне памылкі спатрэбіўся нейкі час. Таму сваю перамогу я атрымаў за кулісамі. Вось такая гісторыя.
Нягледзячы на такую недарэчнасць, Уладзіслаў усё ж адчуў сябе пераможцам на сцэне. Абвяшчэнню дзясяткі папярэднічала прысваенне намінацый удзельнікам праекта. Кабрынчанін Уладзіслаў Пакалюк быў адзначаны ў намінацыі “Перспектыва”. Выдатны вынік — асабліва калі ўлічыць, што з  музыкай хлопец плануе звязаць жыццё.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *