Заседание клуба доярок-шеститысячниц состоялось в агрогородке Городец Кобринского района

Так ужо склалася, што пасяджэнне клуба даярак-шасцітысячніц традыцыйна праводзіцца напярэдадні цудоўнага вясенняга свята – Дня жанчын. Не стаў выключэннем і бягучы год – на гэты раз урачыстае мерапрыемства прымалі аграгарадок Гарадзец і буйнейшае сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна ААТ “Гарадзец-агра”. У пасяджэнні клуба прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшыня гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Міхаіл Трубчык, кіраўнікі і прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый раёна – і, зразумела, галоўныя гераіні свята, перадавыя аператары машыннага даення.

— Сёння тут сабраліся людзі, якія вызначылі ў сваім жыцці правільную падставу: шчырая і самаадданая праца на сваёй зямлі, якая забяспечвае дабрабыт нашым сем’ям і нашаму рэгіёну, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. — Пераацаніць працу гэтых жанчын проста немагчыма. Што ж датычыцца малочнай вытворчасці ўвогуле, то нельга не заўважыць, што сёння ёй надаецца асаблівая ўвага. І гэта не дзіўна, таму што малако – гэта той прадукт, які пастаянна, незалежна ад сезоннасці, дае прыбытак гаспадарцы і рэгіёну – а значыць, і заработную плату людзям.
Як справядліва адзначыў старшыня райвыканкама, сапраўднай эфектыўнай работы аграпрамысловага комплексу можна дасягнуць толькі ў цеснай кааперацыі вытворчай і перапрацоўчай прамысловасці. І ў гэты раз актыўны ўдзел у мерапрыемстве прыняў Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, які прадставіў дэгустацыю сваёй карыснай і смачнай прадукцыі і выдатным чынам падрыхтаваў гасцей да свята.
А свята ўдалося на славу. Віншаванні, песні, танцы і проста выдатная кухня, якую прапанавалі гаспадары, адразу настроілі ўсіх на добразычлівы лад. Парадаваў і той факт, што акрамя “ветэранаў-шасцітысячніц” – тых, хто даўно дасягнуў рубяжу не толькі ў 6, але ў 7, 8 і нават 9 тысяч кілаграмаў малака, на пасяджэнні прысутнічалі і проста лепшыя прадстаўнікі ад гаспадарак у гэтай нялёгкай, але ганаровай прафесіі. І няхай не ва ўсіх паказчыкі пакуль што даходзяць да 6 тысяч, можна быць упэўненым: выдатныя прыклады перад вачамі і жаданне ўдасканальваць свае прафесіянальныя навыкі, без сумненняў, абавязкова прынясуць свае вынікі.
Ну і якое ж свята без падарункаў і кветак? Іх гераіням і героям гэтага дня ва ўрачыстай атмасферы ўручылі старшыня гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Міхаіл Трубчык і старшыня ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук. Дарэчы, як і ў мінулыя гады, бясспрэчным лідарам зноў выступіў СВК “Узыходзячая зара” – прадпрыемства, якое прадставіла на пасяджэнне клуба самую вялікую дэлегацыю “шасцітысячніц” і ўсіх трох пераможцаў па надоях, якімі ў гэты раз сталі Святлана Батурка, Галіна Дунда і Надзея Лаўранюк.
— Увогуле ў свой час клуб пачынаўся з “чатырохтысячніц”, — расказвае старшыня СВК “Узыходзячая зара” Таццяна Дземідзюк. – І, відавочна, радуе, што сёння гэтыя лічбы значна выраслі, што ёсць людзі, на якіх раўняецца моладзь, што кожны год у гэтым клубе з’яўляюцца новыя імёны. Што ж датычыцца нашых пераможцаў, то ім у першую чаргу хочацца сказаць вялікі “дзякуй” – за добрасумленнасць і шчырую працу.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *