Литературная гостиная, посвящённая Дню родного языка, в городе Бресте прошла с участием кобринских поэтов

Кожны год 21 лютага, пачынаючы з 2000 года, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Такая дата была выбрана ў памяць трагічных падзей 1952 года ў Пакістане, калі за права размаўляць на роднай мове загінулі студэнты. Святкаванне  Дня роднай мовы – гэта прызнанне і павага да ўсіх моў у свеце, а значыць, ключ да захавання міру.
Важную дату адзначылі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Літаратурная гасцёўня, арганізатарамі якой выступілі педагогі і студэнты Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту, прайшла з удзелам нашых землякоў – членаў народнага  аматарскага аб’яднання “Белы бусел”.


Гасцёўня была своеасаблівым падвядзеннем вынікаў шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных у межах святочнай даты. Гледачам былі прадстаўлены відэаролікі акцыі  “Прывітаемся па-беларуску” і бліц-апытання “Мае любімыя беларускія словы”.
Ва ўмовах дзяржаўнай двухмоўнасці большасць людзей аддае перавагу рускай мове. Аднак нямала сярод нас тых, хто роднай мовай лічыць беларускую. Уразілі падачай аўтарскай ідэі пераможцы конкурсу чытальнікаў “Гавары роднай мовай сваёй” Марына Паўліч, Мікіта Вірко, Таццяна Фёдарава і Сяргей Леванюк. У выкананні ліцэістаў прагучалі творы беларускіх класікаў.
З асаблівым трапятаннем да роднага слова ставіцца брэсцкі пісьменнік і мастак Лявон Валасюк. Праз актыўную творчую дзейнасць ён папулярызуе беларускае слова. Летась выйшла ў свет яго кніга-альбом “Непрыдуманыя партрэты”. Увазе аўдыторыі пісьменнік  прадставіў абразкі маленства з кнігі “Сцежкі да сядзібы”. Цікавую гісторыю з уласнага жыцця расказаў пісьменнік Васіль Дэбіш. Пісаць вершы Васіль пачаў у падлеткавым узросце, дасылаў іх у Ваўкавыскую раённую газету. У рэдакцыі працаваў чачэнец, які выдатна размаўляў на беларускай  мове. Гэта вельмі здзіўляла юнака, і аднойчы ён адважыўся спытаць, адкуль у яго такія веды.  Адказ чачэнца ўразіў Васіля: “Я вельмі паважаю ваш народ, таму і вывучыў гэту мову”. Васіль Іосіфавіч таксама плённа працуе на ніве роднай мовы.  Бягучы год для яго ўжо адзначыўся важнай падзеяй – выйшла ў свет новая кніга “Чуйнар”.
Цікавыя вершы гумарыстычнага характару, якія падрыхтаваў Васіль Дэбіш для юных слухачоў,  былі дарэчы. Эстафету гумару ўдала падхапіла кобрынская паэтэса Наталля Сацута. З цікавасцю слухалі ліцэісты вершы Валянціны Клачковіч  і Людмілы Ярмалюк.
Кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Белы бусел” Людміла Лазюк падарыла арганізатарам зборнік “Натхненне”, а разам з ім і часцінку любві да роднай мовы, якой апантаны кобрынскія аўтары.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара і з архіва народнага аматарскага аб’яднання “Белы бусел”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *