Урачыстасці ў гонар Вялікай Перамогі

Веснавыя спевы птушак, квецень садоў і ласкавы ветрык спрыялі выдатнаму настрою ўсіх тых, хто прыйшоў раніцай 9 мая на плошчу Леніна, каб адсвяткаваць адразу дзве знакавыя падзеі ў краіне — 65-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і свята Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.


Яшчэ да пачатку афіцыйнага мерапрыемства актывісты ГА “БРСМ” праводзілі агульнарэспубліканскую акцыю “Мы перамаглі”. У знак вялікай пашаны яны замацоўвалі на адзенні ветэранаў вайны і працы чырвона-зялёныя стужкі з сімвалічнай лічбай “65”.
Герб і сцяг краіны… Сімвалы нашай незалежнай дзяржавы неразрыўна звязаны з няпростым лёсам беларускага народа. Сёлета ганаровае права ўзняць сцяг краіны было даручана ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Сцяпанавічу Марчуку, які з баямі ў складзе 2-га Беларускага фронту дайшоў да Берліна, і навучэнцы 11 класа СШ №9, дыпламанту рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры за 2009-2010 навучальны год Ліліі Пугач. Пад гукі гімна Рэспублікі Беларусь чырвона-зялёнае палотнішча паднімаецца ў вышыню. Колькі ж прыемных пачуццяў пры гэтым святым рытуале, гонару за Беларусь, веры ў новыя сілы!
Мерапрыемства з нагоды святкавання Вялікай Перамогі адкрыў старшыня райвыканкама Мікалай Кенда. Мікалай Аляксеевіч звярнуўся перш за ўсё да ветэранаў вайны, падзякаваў ім за той прыклад мужнасці, патрыятызму, гераізму і трываласці, які пераймае сённяшняе пакаленне кабрынчан. Нізкі паклон героям за светлы майскі дзень, мірнае неба над беларускай зямлёй, за вольнае жыццё, якое было здабыта дарагой цаной…


Дзень Перамогі, як і 65 гадоў таму, з’яўляецца самым дарагім святам — днём радасці і адначасова смутку. У Беларусі амаль няма ніводнай сям’і, дзе б ні аплаквалі бацькоў і сыноў, загінуўшых у той вайне. З года ў год называюцца страшныя лічбы. 57 млн. ахвяр, якія не вярнуліся з міравой вайны, з якіх 27 млн. савецкіх грамадзян… 136 спаленых беларускіх вёсак трывожным набатам гучаць у нашых сэрцах, з іх 8 — у Кобрынскім раёне. Народ перажыў 1124 дні фашысцкай акупацыі, удзельнічаў у жорсткіх баях, праяўляў гераізм, даваў рашучы адпор ворагу.


Мікалай Кенда выказаў словы асаблівай удзячнасці ўсім, хто аб’яднаўся святымі пачуццямі любві да Радзімы, працаваў з раніцы да вечара, не шкадуючы сіл у пасляваенныя гады. Галоўная задача выканаўчай улады, падкрэсліў Мікалай Аляксеевіч, – зрабіць усё магчымае, каб ветэраны адчувалі сацыяльную падтрымку і клопат дзяржавы. І гэта работа сёння знаходзіцца на пастаянным кантролі. Вырашаны пытанні па тэлефанізацыі, арганізацыі бытавога абслугоўвання, выкананы многія пажаданні, якія тычацца рамонту жылля.


Подзвіг ветэранаў знайшоў свой дастойны працяг у мірным жыцці. Сучасныя пераўтварэнні ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ўражваюць жыхароў Кобрыншчыны. Станоўча прагрэсіруюць прамысловасць і сельская гаспадарка, будуюцца жыллё, інжынерныя сеткі, новыя малочнатаварныя фермы з камп’ютарным абсталяваннем, ствараюцца камфортныя ўмовы для працаўнікоў вёскі.
Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў ветэранаў вайны, моладзь, жыхароў Кобрыншчыны з Днём Перамогі, пажадаў моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.


Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун запэўніла ветэранаў, што кожны юнак і дзяўчына будуць дастойныя іх подзвігу.
Пасля на плошчы адбылася тэатралізаваная вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Страшная вайна”. Артысты ў ваеннай форме часоў Другой сусветнай вайны далі магчымасць прысутным адчуць атмасферу ваеннага часу.
Дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак уручылі ветэранам вайны кветкі, павіншавалі іх са святам. А потым усе прысутныя выстраіліся ў калону і прыйшлі ў сквер імя Марозава. Менавіта тут адслужыў паніхіду па загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны благачынны Кобрынскага раёна, настаяцель сабора Александра Неўскага протаіерэй Багдан Хама. Пасля адбылася хвіліна маўчання.


Прадстаўнікі кіраўніцтва працоўных калектываў арганізацый і ўстаноў горада і раёна, грамадскасці ва ўрачыстай абстаноўцы ўсклалі вянкі і кветкі да абеліска Перамогі. Прадоўжылася святкаванне ў гарадскім Палацы культуры. У фае кожны наведвальнік меў магчымасць азнаёміцца з экспазіцыяй тэматычных выстаў фотаздымкаў, плакатаў ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, а таксама народнага клуба “Філатэліст”, калекцыя марак якога была прысвечана Вялікай Перамозе. Калектыў Палаца культуры арганізаваў насычаную культурную праграму “Перамога ёсць і будзе”.
Іншыя мерапрыемствы з нагоды святкавання Дня Перамогі адбываліся ў парку.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *